«Здаецца, за жыццё ён нават не змагаўся». У Браслаўскім раёне хлопец праваліўся пад лёд і патануў

Ратавальнікі Браслаўскай раённай арганізацыі Таварыства выратавання на водах раніцай 28 студзеня каля аграгарадка Богіна дасталі са дна возера цела загінулага 31-гадовага мужчыны. Хлопец праваліўся пад лёд і патануў.

29.01.2024 / 15:14

Загінулы — мясцовы жыхар. 31 год яму споўнілася 10 дзён таму, 19 студзеня, піша kraj.by.

Старшыня Браслаўскай раённай арганізацыі Таварыства выратавання на водах Андрэй Ахрамовіч распавёў:

— Там цэлая града азёр. Возера Багінскае каля аграгарадка. Зразаючы шлях, зімой мясцовыя жыхары пераходзяць праз яго па лёдзе. Ёсць мост. Ён далекавата, таму людзі ўсё роўна ходзяць праз возера. Хлопец — мясцовы жыхар. Ён знік яшчэ ў пятніцу, 26 студзеня, але заявілі пра яго знікненне толькі на наступны дзень, у суботу, 27 студзеня. З дзяжурнай часткі міліцыі ў суботу патэлефанавалі а 22:19.

У цёмны час сутак мы не працуем на вадзе, таму адправіліся на Багінскае раніцай у нядзелю, 28 студзеня. Адліга, якая стаіць у апошнія дні, падмыла лёд, на возеры з'явіліся праталіны. У адну з іх гэты хлопец і праваліўся.

Па словах Андрэя Ахрамовіча, трагедыя здарылася на адлегласці прыкладна 70 метраў ад берага. Менавіта такі шлях малады чалавек не паспеў пераадолець да выратавальнай зямлі. Глыбіня возера ў месцы, дзе ён праваліўся пад лёд, парадку 4,5-5 метраў.

— Цела ляжала на дне. Мы яго дасталі прыкладна ў 10:20. Звычайна ў такіх выпадках на месцы ўтаплення лёд абламаны. Чалавек, які тоне, змагаецца за жыццё, хапаецца за лёд і імкнецца выбрацца з вады. Тут жа была проста лунка. Гэта паказвае, што хлопец праваліўся і каменем пайшоў на дно. Падобна на тое, што па нейкіх прычынах за жыццё ён нават не змагаўся,-адзначыў Андрэй Ахрамовіч.

Афіцыйны прадстаўнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Соф'я Глінская пацвердзіла факт трагедыі. Хлопец знаходзіўся на возеры разам з таварышам. Позна вечарам гэтага дня ён адзін пайшоў дадому. 27 студзеня не выходзіў на сувязь, і сястра падняла трывогу. Жанчына звярнулася да таварыша, з якім быў яе брат, аднак той сказаў, што яго сябар пайшоў дадому з возера тым жа вечарам.

Праверку па факце гібелі чалавека праводзіць Следчы камітэт.

Nashaniva.com