«Калі даных не знайшлі, то, магчыма, іх наогул не было». Літоўскі міністр патлумачыў, як міліцыянт Маціевіч мог прайсці праз праверачнае сіта

Міністр нацыянальнай абароны Літвы Арвідас Анушаўскас сцвярджае, што маёр міліцыі Аляксандр Маціевіч, які ўдзельнічаў у задушэнні пратэстаў у Беларусі, атрымаў дазвол на пражыванне і працу ў Літве таму, што ў ягоным выпадку не спрацавала сістэма праверкі, паведамляе Delfi.lt.

01.02.2024 / 23:40

Арвідас Анушаўскас. Фота: AP Photo/Mindaugas Kulbis

«Я не ведаю, чаму гэтая сістэма кантролю не спрацавала. У кожным разе гэта павінна было спрацаваць, таму што ў свой час фіксавалася, хто ўдзельнічае ў пераследзе грамадзян у Беларусі, каб не выдаваць ім візы і ўключыць у гэтыя спісы людзей, якія падпадаюць пад санкцыі», — пракаментаваў сітуацыю Арвідас Анушаўскас журналістам.

«Але ў дадзеным выпадку гэты механізм не спрацаваў. Сапраўды гэта выглядае вельмі прыкра», — панаракаў міністр.

Анушаўскас таксама прызнае, што пры праверцы і выдачы дазволаў на часовае пражыванне і працу ў Літве працэдуры часцяком выконваюцца аўтаматычна.

«Калі нейкія даныя не знойдзеныя, то, магчыма, такіх даных пра яго наогул не было. Таму проста выдаецца дазвол, не ўнікаючы, таму што ў Літве цяпер працуюць 100 тыс. замежных грамадзян, можа і больш», — сказаў міністр.

«Але гэта не вызваляе нашы ўстановы ад абавязку прымаць усе меры для таго, каб такія персанажы, якія вызначыліся парушэннямі правоў чалавека, пераследамі і збіццём людзей, не апыналіся ў Літве», — дадаў ён.

Чытайце таксама:

«Калі такіх людзей будуць сотні і тысячы, мы сутыкнемся з сур'ёзнай пагрозай». Кейс былога міліцыянта Маціевіча ўзрушыў літоўскіх палітыкаў

Маёр міліцыі, які ўдзельнічаў у рэпрэсіях у 2020 годзе, больш за год жыў і працаваў у Літве. Яго выкрыла дыяспара

Урад Літвы ўхваліў прапанову аб стражэйшым кантролі беларусаў на мяжы

Nashaniva.com