Унікальная зборная разрывае Кубак Афрыкі па футболе. За яе гуляюць нават ірландцы і нідэрландцы

Каба-Вэрдэ амаль 500 гадоў працавала на Партугалію, але цяпер усё змянілася.

03.02.2024 / 09:44

Зборная Каба-Вердэ. Фота: Sunday Alamba / AP

Сумна, калі ўсю гісторыю краіну ўспрымаюць як порт. З 1495 года цяперашняя Рэспубліка Каба-Вердэ прымала дзясяткі судоў, якія перамяшчаліся паміж еўрапейскім кантынентам, Афрыкай і Паўднёвай Амерыкай. Усё з-за вельмі выгаднага месцазнаходжання — выспы заўсёды былі зручным хабам.

А каланізатары гэтым карысталіся: партугальцы яшчэ ў пачатку XIV стагоддзя палезлі ў Афрыку, таму што іншыя краіны расхапалі ўсё ў Еўропе. Таму яны добрапрыстойна адкрылі і далучылі да сябе пару афрыканскіх краін і Бразілію. Цяперашняе Каба-Вэрдэ тады назвалі Выспамі Зялёнага мыса. І амаль 500 гадоў выкарыстоўвалі ў сваіх прагматычных мэтах, піша Championat.com.

Усё скончылася толькі ў 1975-м. Але гэта не было пачаткам слаўнага шляху наверх. Так, у канцы не будзе мілага хэпі-энду і гісторыі пра тое, як зборная праз 15 гадоў выйграла Кубак Афрыкі. Куча часу спатрэбілася, каб навесці парадак, стварыць уласныя інстытуты і хаця б незалежную федэрацыю футбола. Таму ўпершыню на Кубку афрыканскіх нацый Каба-Вэрдэ спрабавала адабрацца ў 1994-м, а патрапіла — толькі ў 2013-м. І адразу дайшла да чвэрцьфіналу. Але гэта Кубак Афрыкі, тут магчыма ўсё.

Ад Нані да Ларсана — хто мог гуляць за Каба-Вэрдэ

Парадокс астраўной дзяржавы Каба-Вэрдэ ў тым, што да 1975 года адтуль імкнуліся з'ехаць на Вялікую зямлю. Партугалія, але і не толькі яна, была ўлюбёным месцам тых, хто меў адукацыю, навыкі і хацеў чагосьці дасягнуць у жыцці. А яшчэ стартавы капітал, вядома. Але ў партовай краіне зарабіць яго было не так цяжка. А калі ў XX стагоддзі ў Партугаліі памянялася ўлада, якая пайшла па дэмакратычным шляху і адпусціла большасць калоній, нядаўнія перасяленцы пацягнуліся назад. У тым ліку ў Каба-Вэрдэ. Пры гэтым важны факт пра краіну: за яе межамі жыве значна больш этнічных кабавердцаў, чым на саміх астравах.

Сцяг Каба-Вердэ

Таму хай вас не здзіўляюць жарты, што палова гульцоў зборнай Партугаліі наогул не павінны былі за яе гуляць. Па-сутнасці гэта сапраўды так. Праз чэмпіёнаў Еўропы 2016 года прайшла куча футбалістаў, якія альбо самі нарадзіліся ў Каба-Вэрдэ, альбо іх бацькі. Таму Нацыянальная федэрацыя дакладна мела права разлічваць, што футбалісты выберуць гуляць за родную краіну — гэта, напрыклад, Нані, Варэла, Мануэл Фернандэш, Раланду, Элізэу, Мігель Мантэйру (з «Валенсіі»), Нэлсан (гуляў за «Бенфіку», «Бетыс»).

Як вы разумееце, людзі ехалі з Каба-Вэрдэ не толькі ў Партугалію, але і ў іншыя часткі свету.

Наогул, жыхары выспаў лічыліся аднымі з самых адукаваных у афрыканскіх дзяржавах. Для краіны — хаба гэта нармальна. Таму ім былі рады ў любым пункце свету.

І няма нічога дзіўнага ў тым, што Патрык Віейра, Хенрык Ларсан нарадзіліся ў сем'ях этнічных кабавердцаў. Але, натуральна, яны наўрад ці думалі над магчымасцю выступаць за гістарычную радзіму. Тады пра зборную ніхто не ведаў. І наўрад ці меркаваў, што яна выйдзе з змроку і пачне паказваць вынік.

Каба-Вэрдэ ўжо паўтарыла гістарычны вынік. Але гэта не мяжа

У 2013-м, калі зборная ўпершыню адабралася ў фінальную частку Кубка Афрыкі, ад іх наўрад ці хтосьці чакаў выхаду ў чвэрцьфінал. Хоць бы таму, што многіх футбалістаў не ведалі нават у Афрыцы. Гэта сапраўды праблема, бо большасць кабавердцаў, якія жадаюць звязаць сваё жыццё з футболам, садзяцца ў самалёт і ўжо праз чатыры гадзіны спускаюцца па трапе ў Лісабоне. А там, калі ёсць талент, ты атрымліваеш пашпарт, месца ў Акадэміі добрага клуба і потым уяўляеш ужо іншую зборную.

У апошнія пяць-шэсць гадоў там змірыліся, што немагчыма канкураваць з Партугаліяй і бясконца шукаць этнічных грамадзян па свеце. І яшчэ маліць іх згуляць за зборную. Таму пашпарты сталі прапаноўваць проста тым, хто хацеў бы гуляць за Каба-Вэрдэ.

Ідэю прыдумаў былы трэнер зборнай Руй Агуаш, які пісаў гульцам у сацсетках. Так у зборнай апынуліся ірландзец Раберта Лопес, Дэрай Дуартэ з яшчэ парай нідэрландцаў. І гэта не адзіныя прыклады. Але які яшчэ выхад, калі вынік паказваць трэба, а магчымасцяў для гэтага недастаткова.

Галоўная нефутбольная зорка Каба-Вердэ, спявачка Сэзарыя Эвара (1941—2011), якая выступала басанож, аддаючы даніну галоднаму і беднаму дзяцінству і маладосці. Яе галоўны хіт — Besame Mucho Кансуэлы Веласкес. Заробленыя 50 мільёнаў даляраў Сэзарыя Эвара пусціла на будаўніцтва школ і бальніц на Каба-Вердэ

Калі вы паглядзіце на спіс клубаў, за якія выступаюць гульцы зборнай, то здзівіцеся яшчэ мацней — 26 футбалістаў (брамнік каманды цяпер без кантракту) прадстаўляюць 25 клубаў з 16 нацыянальных чэмпіянатаў. Ні адзін не паўтараецца.

Там увесь свет — ад ЗША праз усю Еўропу да Малдовы і Азербайджана. Гулец «Краснадара» Кевін Леніні ўсе матчы пачынаў у аснове і толькі раз быў заменены. Паказчык эфектыўнасці. Ён, дарэчы, адзін з нямногіх, хто не толькі нарадзіўся ў Каба-Вэрдэ, але і да 20 гадоў выступаў за мясцовыя клубы. І толькі потым з'ехаў у Партугалію.

А перш чым трапіць у чвэрцьфінал, зборная вылезла з групы з Егіптам, Ганай і Мазамбікам. У першым раўндзе плэй-оф з вялікай цяжкасцю прыстукнула Маўрытанію. А цяпер згуляе з ПАР. Да гістарычнага поспеху застаўся ўсяго адзін крок.

Матч з камандай Паўднёвай Афрыкі сёння а 22-й вечара па Мінску.

Чытайце таксама:

Целаахоўнік Месі стаў удзельнікам незвычайнага інцыдэнту, баронячы Ліянэля ў Ганконгу

На футбольным матчы ў Мексіцы застрэлілі былога абаронцу зборнай Балівіі

Матч на Суперкубак Беларусі па футболе адклалі на тыдзень з-за выбараў

Nashaniva.com