Выставу, прысвечаную Малевічу, закрылі праз тры дні: «тэхнічныя прычыны»

1 лютага 2024 года ў Мінску адкрыўся выставачны праект «1,10 КВАДРАТА», прысвечаны 110-годзю «Чорнага квадрата» Казіміра Малевіча. А сёння Палац мастацтваў паведаміў пра часовае закрыццё выставы «па тэхнічных прычынах». Першапачаткова паведамлялася, што праект будзе працаваць да 3 сакавіка.

04.02.2024 / 13:49

Адкрыццё выставы. Фота: Сяргей Ждановіч / mastatstva / Facebook

На спыненай выставе прадстаўлены жывапіс, графіка, скульптура, шкло, кераміка, метал, фатаграфія, арт-аб’екты. У праекце прымаюць удзел сябры Беларускага саюза мастакоў з Мінска і ўсіх рэгіёнаў Беларусі, дызайнеры, творчая моладзь, усе зацікаўленыя тэмай творцы.

«Чорны квадрат» — гэта візуальнае выказванне К. Малевіча, намёк сучаснікам мастакам і інтэлектуальнай публіцы, што рэалізм у мастацтве паняцце не адназначнае і ўтрымлівае ў сабе невычэрпныя магчымасці і асацыятыўныя кампазіцыйна-вобразныя рашэнні. Квадрат — гэта ўсяго толькі знак, сімвал руху ў прастору новых рэальнасцяў у мастацтве», — напісана ў анонсе выставы.

На думку арганізатараў, выставачны праект спрабуе прасачыць сённяшнюю «лінію жыцця» «Чорнага квадрата»— на ўзроўні ідэі, формы, знака, матыву, сімвалічнага прадмета.

«Галоўнае ў выставе — нават не тэма, зададзеная куратарамі, а сам дух наватарства ў творчасці, які працягвае ідэі Казіміра Малевіча», — пісалі яны.

 Ці працягне працу выстава з «духам наватарства», пакуль невядома. 

Чытайце таксама:

Выставу да юбілею Быкава згортваюць праз 10 дзён пасля адкрыцця

Што трапляе ў музеі Расіі з вайны? Кіслотна-зялёныя майткі з матылькамі і шаўрон «Рускі карабель, ідзі на ***»

Нацыянальную кніжную палату перадаюць Мінкульту

Nashaniva.com