Юрыст каментуе, ці магчыма хутка стварыць сумесную з Расіяй базу «экстрэмістаў» і што гэта дасць

Чаго чакаць, калі Беларусь і Расія насамрэч аб'яднаюць спісы «экстрэмістаў» і «экстрэмісцкіх рэсурсаў»? Папрасілі адваката, спецыяліста па міжнародным прававым супрацоўніцтве ў крымінальных справах Алеся Міхалевіча пракаментаваць сённяшнюю заяву пасла Дзмітрыя Крутога.

06.02.2024 / 18:05

Наколькі гэтыя абяцанні рэалістычныя? Міхалевіч мяркуе, што зрабіць так, як пагражае Круты, нескладана:

«Думаю, што з агульнай базай вялікіх праблем не будзе — гэта Беларусь з Расіяй ужо абкаталі на ўвядзенні сумеснай базы з забаронамі выездаў. Па выніках расіяне пад забаронай не могуць выязджаць праз Беларусь, гэтак жа і беларусы пад забаронай не могуць выехаць праз Расію».

Вынік такой агульнай базы «экстрэмізму» — тое, што стандарты горшай з краін будуць узаконеныя і ў Беларусі, і ў Расіі, лічыць Міхалевіч. Напрыклад, расійскі рэжым лічыць «экстрэмісцкай» ЛГБТ-супольнасць, а таксама надаў такі статус карпарацыі Meta, якая валодае Facebook, Instagram і WhatsApp. 

Акрамя агульнай базы, Дзмітрый Круты намякае і на агульныя крымінальныя справы. Маўляў, для некаторых грамадзян дзіўна, што на беларускіх «экстрэмістаў», якія збеглі ў Расію, не заводзяць крымінальныя справы ў РФ або наадварот.

Алесь Міхалевіч, аднак, лічыць гэта не надта магчымым — хіба што Беларусь юрыдычна апынецца ў складзе Расіі: «У крымінальным праве ўсё роўна дзейнічае прынцып дзяржавы, дзе здзяйсняецца тое ці іншае злачынства. Таксама будуць вялікія пытанні ў выпадку з беларускамоўнымі экстрэмісцкімі рэсурсамі — ці адрасаваныя яны да расіян?

Таму наўрад ці гэта будзе ўведзена, гэта вельмі цяжка рэалізаваць. Будзе немагчыма зрабіць гэта хутка і эфектыўна».

Вера Белацаркоўская