Становяцца вядомымі падрабязнасці маштабнай «справы ДФР»

«Наша Ніва» паведамляла пра масавыя арышты ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў. Нашы суразмоўцы раскрылі схему, па якой старэйшыя афіцэры рабілі сабе капіталы на слязах прадпрымальнікаў, падстаўляючы пры гэтым сваіх жа малодшых супрацоўнікаў. 

10.02.2024 / 23:10

Са спасылкай на інфармаваныя крыніцы мы паведамлялі пра тое, што ў Мінску разгортваецца «справа ДФР», у рамках якой КДБ арыштаваў два дзясяткі афіцэраў з Цэнтральнага апарату і ўпраўлення па Мінску і Мінскай вобласці. 

Чытайце таксама: КДБ арыштаваў больш за 20 афіцэраў ДФР — пад чысткі трапілі і антыгероі 2020-га

Цяпер «Нашай Ніве» становяцца вядомыя некаторыя абставіны масштабнай справы аб карупцыі. 

Аказваецца, начальнікі мінскага ДФР падстаўлялі сваіх малодшых афіцэраў у мудрагелістай схеме па крымінальным узбагачэнні. 

«Інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах планава правярае нейкае прадпрыемства на прадмет сплаты падаткаў. І калі гэта фірма з вялікімі абаротамі, а падаткавікам лянотна самім усё лічыць, то яны могуць перадаць праверку ў ДФР для вызначэння, ці ўхілялася кампанія ад сплаты падаткаў», — апісвае наш суразмоўца тыя нормы закону, якія зрабілі схему магчымай. 

«І «бізнэс» начальнікаў мінскага ДФР быў у тым, каб у такой сітуацыі паслаць на правядзенне праверкі маладых супрацоўнікаў ДФР, даўшы папярэдні інструктаж.

Па факце атрымлівалася так, што лейтэнанты і старэйшыя лейтэнанты арыштоўвалі рахункі такой кампаніі, дакладна ведаючы, што ў яе ўсё чыста і што праверка скончыцца без завядзення крымінальная справы. Пасля гэтая моладзь рабіла ўласніку бізнэса прапанову — за грошы зняць арышт з рахункаў і «скончыць праверку без наступстваў». 

Выстаўленыя бізнэсменам рахункі складалі некалькі дзясяткаў тысяч даляраў. Звычайна яны аплачваліся.

Але знайшоўся чалавек, якому паказаліся нахабствам апетыты нейкіх там лейтэнантаў. Ён быў упэўнены, што па ўсіх франтах чысты, і пайшоў з заявай у КДБ. 

Лейтэнантаў пабралі, і яны сталі прызнавацца. Так выйшлі на тых, хто іх накіроўваў і хацеў імі прыкрыцца, прымаючы па факце асноўную частку адкупных», — дадаў інфармаваны суразмоўца.

Чытайце таксама:

Прызначылі новага кіраўніка ДФР

Міністр, асуджаны за хабар на 7,5 года, верагодна, выйшаў праз паўтара — Белсат

«Бананавы кароль» Захараў зарубіўся з ДФР і шле Качанавай пакаянныя лісты, называючы апазіцыю «жопазіцыяй» 

«КДБ, МУС — мы ўсюды былі». Прадпрымальнікі расказалі, з якімі праблемамі сутыкаюцца і якія плюсы бачаць

Nashaniva.com