Бондарава ашалела. «Нам скажуць, што гэта народны выбар. Выбару народа няма!» 

Прарасійская даносчыца абурана «накруткамі» на галасаванні за назвы мінскіх прыпынкаў. У сваім відэазвароце яна распавяла, як яны ўціхую дамагліся перагляду ўжо праведзенага апытання, а таксама запатрабавала перайманаваць вуліцы, названыя ў гонар беларускіх дзеячаў, у гонар забітага ўдзельніка затрымання Зельцара і дагестанскага сілавіка. 

19.02.2024 / 00:01

У допісах на сваім тэлеграм канале Вольга Бондарава выклала 7-хвілінны відэазварот, у якім не хавала сваіх эмоцый наконт сваёй няўдалай спробы сфальфікаваць апытанку на сайце адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска.

Нагадаем, што адміністрацыя вынесла на абмеркаванне пытанне наймення прыпынкаў грамадскага транспарту, прапанаваўшы выказацца наконт імёнаў кампазітара Станіслава Манюшкі і географа Аркадзя Смоліча, у гонар якіх названыя суседнія вуліцы. Гэтыя асобы абурылі прарасійскія сілы і на працягу пяці дзён яны накручвалі галасы супраць.

Сітуацыя змянілася на адваротную за некалькі гадзін, калі сёння пра апытанку стала вядома шырокай грамадскасці. 

Вольга Бондарава распавяла, што некалькі дзён таму падпісчыца паказала ёй папярэднюю апытанку па тым жа пытанні, у якой прынялі ўдзел усяго 10 чалавек – і амаль усе падтрымалі прапанаваныя назвы. 

Прарасійскую актывістку такі расклад у «псеўдаапытанцы не задаволіў. На яе думку Манюшка і Смоліч — тыя «людзі, якія не неслі дабра беларускай дзяржаве». А Смоліч увогуле стаяў ля вытокаў «той самай БНР — фантастычнай рэспублікі ў мазгах купкі здраднікаў».

Разам са сваімі паплечнікамі яна «ціхенька, не прыцягваючы грамадскай увагі» звярнулася да ўладаў горада Мінска і адміністрацыі раёна, каб «не дапусціць далейшага скотвання ў махровы нацызм, нацыяналізм і працягу памылак, якія прывялі да 2020 года».

Пасля гэтага на сайце адміністрацыі Ленінскага раёна з'явілася новая апытанка, на якім, паводле даносчыцы, людзі выказаліся, што «не хочуць, каб у горадзе Мінску ўвекавечвалі імёны «ворагаў дзяржавы».

Пра тое, што адзіным месцам, дзе былі апублікаваны спасылкі на апытанку з заклікам тапіць супраць Манюшкі і Смоліча, былі каналы яе паплечнікаў, Бондарава сціпла змаўчала.

Але сёння яе чакаў шок: амаль увесь дзень няўхільна расла колькасць тых, хто галасаваў за імёны Манюшкі і Смоліча. Урэшце на дадзены момант за гэтыя варыянты аддалі больш за 68% галасоў.

«У сярэднім за 5 хвілін дадаецца каля 30, 40, часам больш галасоў. Гэта значыць падключана нейкая сістэма, якая накручвае галасы. Гэта адбываецца ўвесь дзень!

Адкуль гэтыя лічбы? Шчыра кажучы мне цяжка адказаць. Магу сказаць, што працуе бота-ферма, тая ж самая, што працавала па выбарах, па 97%. Гэтая накрутка працягваецца ўвесь дзень», — здзіўляецца даносчыца.

«Мабыць камусьці вельмі трэба, каб гэтымі імёнамі Манюшкі і Смоліча былі названыя гэтыя прыпыначныя пункты. Потым нам скажуць, што гэта выбар народа. Ніякага выбару народа няма! Вось такія сумленныя выбары: накруткі, каруселі, бота-фермы.»

Не могучы перамагчы беларускае грамадства ў сумленных выбарах, Бондарава звянулася да праверанага метаду — даносаў і скаргаў.

Яна ўжо апублікавала зварот, адрасаваны да адміністрацыі раёна, у якім выкрывае паляка і рэваншыста Станіслава Манюшку, нацыяналіста і саветафоба Алеся Дудара ды русафаба Аркадзя Смоліча.

Бондарава ўжо замахнулася не толькі на назвы прыпынкаў, але патрабуе перайманаваць вуліцы, названыя ў гонар гэтых славутых беларусаў, на імёны беларускага спецназаўца Дзмітрыя Федасюка, які быў застрэлены Зельцарам, спрабуючы ўламіцца ў ягоную кватэру, і дагестанскага сілавіка Магамеда Нурбагандава, аўтара выразу «Працуйце, браты!», які сёння выкарыстоўваецца для ўхвалення ўварвання Расіі ва Украіну і тэрору беларускага рэжыму супраць сваіх грамадзян. 

Nashaniva.com