Другая АЭС у Беларусі можа з'явіцца на поўдні краіны

Прапрацоўваецца магчымасць будаўніцтва новай АЭС у Беларусі, заявіў гендырэктар Расатама Аляксей Ліхачоў, піша «Спутнік».

28.02.2024 / 14:39

Фота: Мінэнерга

Паводле яго слоў, Расійская дзяржкарпарацыя, якая займалася ўзвядзеннем Беларускай АЭС, гатовая будаваць другую станцыю ў Рэспубліцы. Ліхачоў адзначыў, што разглядаецца варыянт збудавання АЭС на поўдні Беларусі.

Беларуская АЭС знаходзіцца на паўночным захадзе краіны, у Астравецкім раёне, за 40 км ад Вільні.

Першы энергаблок уведзены ў прамысловую эксплуатацыю ў чэрвені 2021-га. Другі быў запушчаны ў канцы 2023 года.

У канцы кастрычніка 2023 года на нарадзе па пытаннях планавання і рэалізацыі праектаў стратэгічнага характару Аляксандр Лукашэнка заявіў, што краіне нядрэнна было б мець другую АЭС. Гэта, па яго словах, пазітыўна адбілася б на эканоміцы рэспублікі.

Аднак тады паведамлялася, што разглядаюцца два варыянты — павелічэнне БелАЭС да чатырох энергаблокаў або будаўніцтва новай станцыі на пляцоўцы ў Магілёўскай вобласці (на ўсходзе краіны).

У Мінэнэрга Расіі заяўлялі, што пытанне будаўніцтва другой АЭС у Беларусі патрабуе ацэнкі.

Nashaniva.com