Вынеслі прысуд медыкам Гомеля, якія знішчылі амаль 100 тысяч вакцын супраць кавіду і грыпу. А справаздачыліся, што зрабілі прышчэпкі

Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, загадчыца аддзялення прафілактыкі адной з паліклінік Гомеля і старэйшая медсястра таго ж аддзялення з красавіка 2021-га па май 2023 года давалі калегам незаконныя ўказанні аб завышэнні звестак аб колькасці зробленых вакцынацый. Насамрэч вакцыны знішчаліся.

10.03.2024 / 15:15

За гэты перыяд знішчана звыш 92 тысяч доз вакцын коштам каля 2,7 мільёна рублёў. 

Загадчыцы аддзялення прафілактыкі і старэйшай медыцынскай сястры было прадʼяўлена абвінавачанне ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў, медсястры прышчэпачнага кабінета — у дапамозе такім дзеянням. 

У судовым паседжанні жанчыны прызналі сваю віну ў поўным абʼёме. 

Суд Чыгуначнага раёна Гомеля прысудзіў 7 сакавіка загадчыцы аддзялення і старэйшай медсястры па пяць гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову, медсястры прышчэпачнага кабінета — чатыры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. 

Акрамя гэтага, суд пастанавіў спагнаць у салідарным парадку з абвінавачаных на карысць Гомельскага гарадскога Савета дэпутатаў прычыненую матэрыяльную шкоду.

Чытайце таксама:

У Нямеччыне мужчына 217 разоў прышчапіўся ад кавіду рознымі вакцынамі

Лукашэнка пракаментаваў зліў пра вакцыну для «Першага»

«Захоўвайце як зрэнку вока, гэта для «Першага». Злівы размоў чыноўнікаў пра вакцыну для Лукашэнкі і статыстыку па каранавірусе

Nashaniva.com