Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы не знайшоў груп літвіністаў, якія пагражаюць бяспецы краіне

Спецслужба таксама адрэагавала на спробы «завербаваць за грошы літоўцаў», што робяцца ў сацсетках.

20.03.2024 / 12:13

У Літве «няма арганізаваных груп, якія прапагандуюць ідэалогію літвінізму», якія маглі б» прадстаўляць пагрозу незалежнасці, канстытуцыйнаму ладу і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны», заяўляе Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі (ДДБ), паведамляе «Позірк».

З адпаведнай заявай ДДБ выступіў у сувязі з «павелічэннем у апошнія тыдні колькасці электронных лістоў, якія рассылаюцца літоўскім палітыкам і грамадскім дзеячам, з пагрозамі ад груп, нібыта прапагандуюць ідэалогію літвінізму».

Спецслужба таксама адрэагавала на прадпрыманыя ў сацсетках спробы «завербаваць літоўцаў для напісання лозунгаў гэтай ідэалогіі ў грамадскіх месцах за грашовую ўзнагароду». На думку ДДБ,»такая дзейнасць адпавядае асаблівасцям псіха-інфармацыйных аперацый, арганізаваных варожымі Літве дзяржавамі і накіраваных на стварэнне панікі ў грамадстве краіны».

«Пад выглядам літвінізму таксама робяцца спробы дыскрэдытаваць дэмакратычную апазіцыю ў Беларусі і выклікаць варожасць літоўскіх грамадзян з беларусамі, якія пражываюць у краіне», — звярнула ўвагу ведамства. Адзначана, што ў Дэпартаменце «адсочваюць працэсы, якія адбываюцца ў новай беларускай дыяспары ў Літве, з мэтай выяўлення і прадухілення рызык і пагроз нацбяспекі».

На пачатак 2024 года, па даных Дэпартамента міграцыі МУС, у Літве пражывала 62 тыс.165 грамадзян Беларусі. Беларусы былі другой па колькасці групай замежнікаў, якія пражываюць у Літве, пасля ўкраінцаў. Летась у краіну з мэтай пражывання прыбыло 15 тыс. 817 чалавек, з якіх 150 — грамадзяне Літвы.

Пры гэтым «у сувязі з узрослай пагрозай, якую рэжымы Расеі і Беларусі працягвалі прадстаўляць для Літвы», у 2023 годзе літоўскімі ўладамі»праводзіліся розныя мэтавыя мерапрыемствы па кантролі над грамадзянамі гэтых краін».

Nashaniva.com