Урад Эстоніі не падтрымаў законапраект аб пазбаўленні грамадзян РФ і Беларусі права голасу

Міністэрства юстыцыі і Міністэрства ўнутраных спраў прапанавалі ўраду не падтрымліваць законапраект.

21.03.2024 / 15:37

Урад у чацвер не падтрымаў ініцыяваны парламенцкай фракцыяй «Айчына» законапраект, які пазбаўляе грамадзян Расіі і Беларусі права голасу на мясцовых выбарах, піша Postimees.ee.

Згодна з законапраектам, галасаваць маглі б толькі грамадзяне трэціх краін, з якімі ў Эстоніі заключаны двухбаковыя дамовы, і якія жывуць у Эстоніі на падставе доўгатэрміновага або пастаяннага дазволу на жыхарства. Мэтай змены было прызнаць несапраўдным права голасу ўсіх грамадзян трэціх краін, якія жывуць у Эстоніі, і асоб без грамадзянства на выбарах сходаў мясцовых самакіраванняў, каб выключыць права голасу для грамадзян якія ўдзельнічаюць у ваеннай агрэсіі Расіі і Беларусі.

Згодна з законам, правам голасу валодаюць грамадзяне Эстоніі і ЕС, а таксама замежнікі, якія жывуць у Эстоніі на падставе доўгатэрміновага або пастаяннага дазволу на жыхарства.

Міністэрства юстыцыі і Міністэрства ўнутраных спраў прапанавалі ўраду не падтрымліваць законапраект. Паводле ацэнкі Міністэрства юстыцыі, законапраект не прапарцыйны ў дачыненні да заяўленай мэты.

Nashaniva.com