Пад Вільняй загінуў былы беларускі добраахвотнік «Туз». Яго збіў цягнік

21 сакавіка пад Вільняй трагічна загінуў былы беларускі добраахвотнік «Туз», паведаміла добраахвотніцкае аб’яднаньне беларусаў у Літве «Ліцвіны». Інфармацыю пра яго смерць пацвярджаюць крыніцы «Радыё Свабода».

22.03.2024 / 12:02

Паліцыя высвятляе абставіны трагедыі. Імя і прозвішча добраахвотніка не агалошваецца ў мэтах бяспекі.

На вайну ва Украіну «Туз» прыехаў яшчэ ў сакавіку 2022 года. Ён браў удзел у баявых дзеяннях на поўдні Украіны ў складзе беларускага батальёну «Тэрор». У канцы 2022-га звольніўся са службы. У верасні 2023 года вярнуўся на фронт, ваяваў у 79-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе.

У Вільню «Туз» вярнуўся з фронту напрыканцы лютага 2024. Свабода запісвала ягоныя развагі пра вайну і сябе да другой гадавіны поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.

«Можа, гэта песімізм, а можа, рэалізм. Мне хочацца верыць, што я не моцна змяніўся. У нейкіх пытаннях я стаў больш упэўнены ў сабе, чым гэта было ў 2020 годзе падчас пратэстаў. Тады я, як і большасьць, хаваўся, уцякаў. Сёння я бачу шмат непрыемных і жудасных рэчаў, і нейкі АМАП цяпер ужо не такі страшны, як раней.

Я стаў больш патрабавальным. Людзі, якія вакол мяне сёння, павінны быць адказнымі нават у дробных пытаннях. Бо ад гэтага можа залежаць жыццё тваё і тваіх пабрацімаў.

Хочацца верыць, што больш жорсткім я не стаў. Я разумею, што ёсьць нейкае размежаваньне між вайной і цывільным жыццём. І гэта зусім розныя рэчы», — казаў ён.

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы» менавіта «Туза» збіў учора пад Вільняй цягнік.

Малады чалавек ішоў па рэйках.

Nashaniva.com