Дырэктара Музычнага тэатра, дзе сыгралі «Перамен», усё ж звольнілі

Дырэктар Музычнага тэатра Сяргей Пукіта звольнены са сваёй пасады. Яго прозвішча знікла са старонкі з імёнамі кіраўнікоў на сайце калектыву. Раней крыніца «Люстэрка» пацвердзіла, што 21 сакавіка ў Пукіты быў апошні працоўны дзень.

25.03.2024 / 16:10

Фота: Tut.by

Прычынай звальнення, мабыць, стала кампазіцыя «Пераменаў!» савецкага рок-гурта «Кіно». 16 сакавіка ў Музычным тэатры выступаў сімфанічны аркестр Варонежскай канцэртнай залы з праграмай «Анталогія рускага року», у рэпертуары якога якраз ёсць гэтая кампазіцыя.

17 сакавіка тэлеграм-канал «Motolkohelp» апублікаваў аўдыёзапіс выступу і рэакцыю залы. Паводле звестак канала, аркестру «падпявала літаральна ўся зала».

— Зала падтрымала выступ з гэтай кампазіцыяй, стоячы з ліхтарыкамі, — распавяла крыніца.

Пасля гэтага было прынята рашэнне звольніць Пукіту.

— Супрацоўнікі тэатра ў цэлым характарызуюць яго як разумнага, сумленнага чалавека, — каментаваў наш суразмоўца.

Цяпер в.а. дырэктара прызначылі Генадзя Місуну, які да гэтага займаў пасаду намесніка дырэктара.

Nashaniva.com