Выраслі сутачныя за камандзіроўкі, якія не мяняліся 5 гадоў

У Беларусі павялічылі сутачныя для службовых камандзіровак у межах краіны. Адпаведныя змяненні агавораны ў пастанове Савета Міністраў ад 22 сакавіка 2024 года нумар 214. 

26.03.2024 / 12:52

Памер сутачных пры камандзіроўках па Беларусі павялічваецца да 12 рублёў. Цяпер за камандзіроўкі работнікам плацяць 9 рублёў за суткі. 

Апошні раз памер сутачных мяняўся ў 2019 годзе.

Ёсць новаўвядзенні і па аплаце праезду. Удакладняецца, што кампенсаваць павінны расходы па праездзе да месца камандзіроўкі і назад толькі пры праездзе аўтамабільным транспартам рэгулярных зносін.

Калі работнік штодзень вяртаецца дадому і ў яго няма пацвярджаючых квіткоў, то яму заплацяць 0,1 базавай велічыні (цяпер гэта 4 рублі) у кожны бок за кожны дзень камандзіроўкі.

У пастанове канкрэтызуецца, што калі няма пацвярджаючых дакументаў па аплаце жылля, то расходы кампенсуюцца за каляндарныя дні, калі работнік быў у месцы камандзіравання (яму заплацяць ад 5 працэнтаў да 20 працэнтаў ад норм расходаў, а ў бюджэтных арганізацыях — 5 працэнтаў).

Калі ў камандзіроўцы ўзнік незапланаваны прыпынак, то работніку павінны вярнуць выдаткі на гасцініцу.

Акрамя гэтага, зараз работніку будуць кампенсаваць расходы на выплату збору за рэгістрацыю ў сістэме электроннай чаргі на граніцы Беларусі і камісіі пры абмене валюты.

Пастанова набывае моц з 6 красавіка.

Чытайце таксама:

З 1 красавіка павялічыцца базавая велічыня, якая не мянялася 5 гадоў

Nashaniva.com