Медыкаў хуткай дапамогі ў Мінску аснасцілі відэарэгістратарамі
Для работы брыгад хуткіх былі закуплены амаль 800 персанальных відэарэгістратараў, а таксама 22 тэрміналы для захавання інфармацыі і зарадкі персанальных рэгістратараў.
12.04.2024 / 13:38
Фота: Звязда
Медыкаў хуткай дапамогі ў Мінску аснасцілі відэарэгістратарамі, паведамляе Мінздароўя.
«У гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі Мінска цяпер вядзецца аўдыё– і відэазапіс выездаў брыгад ХМД з выкарыстаннем персанальных рэгістратараў. Мэта такога праекта — павышэнне кантролю якасці аказання хуткай медыцынскай дапамогі насельніцтву і гарантаванне бяспекі супрацоўнікаў выязных брыгад ХМД, фіксацыі супрацьпраўных дзеянняў некаторых грамадзян», — адзначылі ў Міністэрстве аховы здароўя.
Для работы брыгад хуткіх былі закуплены амаль 800 персанальных відэарэгістратараў, а таксама 22 тэрміналы для захавання інфармацыі і зарадкі персанальных рэгістратараў.
У аператыўным аддзеле станцыі хуткай дапамогі ўстаноўлена спецыяльнае праграмнае забеспячэнне. Таксама ажыццёўлены комплекс мер па захаванасці і абароне атрыманай відэаінфармацыі. Відэазапісы не могуць быць выкарыстаны ў асабістых або іншых мэтах, не звязаных з прафесійнай дзейнасцю.