У Сяргея Караганава, які заклікаў нанесці «прэвентыўны ядзерны ўдар» па Еўропе, знайшлі кватэру ў Берліне

Паводле інфармацыі Bild, Караганаў валодае кватэрай у раёне Прэнцлаўэр Берг плошчай 52 квадратныя метры і здае яе ў арэнду, атрымліваючы 850 еўраў штомесяц.

12.04.2024 / 22:49

Сяргей Караганаў. Фота Wikimedia Commons

У сакавіку 2023 года, піша выданне, Караганаў даведаўся, што неўзабаве трапіць у санкцыйныя спісы, пасля чаго аформіў акт дарэння сваёй долі ў кватэры на жонку, якая цяпер саўладальніца нерухомасці.

Аднак, адзначае Bild, нямецкія ўлады аспрэчылі правамернасць угоды, і яна была прызнаная несапраўднай. Такім чынам, Караганаў застаўся саўладальнікам кватэры, але праз санкцыі не можа атрымліваць з яе прыбытак.

Караганаў знаходзіцца пад санкцыямі ЕС з чэрвеня 2023 года.

Раней раскошную нерухомасць у Еўропе выявілі ў многіх іншых расійскіх палітыкаў і прапагандыстаў, якія на публіку заўзята крытыкуюць Еўропу і расказваюць пра яе дэградацыю. У тым ліку ў зоркі расійскага ТВ Уладзіміра Салаўёва.

Nashaniva.com