Чаму Ізраіль адбіў грандыёзны ўдар Ірана? Без дапамогі саюзнікаў усё было б зусім не так радасна

Масіраваная атака Ірана на яўрэйскую дзяржаву з трэскам правалілася, але ўсё не так проста, а далейшае развіццё падзей цяжка спрагназаваць дакладна.

15.04.2024 / 16:37

Ізраільская сістэма «Жалезны купал» адбівае ракетную атаку. AP Photo/Tomer Neuberg

Напад, здзейснены ў суботу 13 красавіка з боку Ірана на Ізраіль, быў адказам на авіяўдар па консульстве ісламскай рэспублікі ў сталіцы Сірыі Дамаску. Ён адбыўся 1 красавіка і прывёў да гібелі сямі членаў іранскага Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі. Вінаватым Тэгеран назваў Ізраіль.

У эфіры Бі-бі-сі прадстаўнік ЦАХАЛ генерал Пітэр Лернер заявіў, што ў атацы былі задзейнічаныя 170 беспілотнікаў, 30 крылатых ракет і 120 балістычных ракет. У выніку 99% з іх былі збітыя. Што тычыцца мірнага насельніцтва, то, як піша Бі-бі-сі, вядома толькі пра параненую дзяўчынку.

Такі поспех тлумачыцца шэрагам абставін. Першае — гэта тое, што на працягу двух тыдняў іранскія спікеры рознага ўзроўню папярэджвалі пра падрыхтоўку ўдару ў адказ. Гэта дазволіла Ізраілю і яго саюзнікам падрыхтавацца і размясціць дадатковыя сродкі барацьбы з паветранымі цэлямі, у тым ліку эсмінцы.

Другім фактарам з'яўляецца дапамога Ізраілю яго саюзнікаў. У адбіцці масіраванага налёту прымалі ўдзел вайскоўцы ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Іарданіі.

Так, амерыканскі эсмінец з сістэмай СПА AEGIS збіў не менш за тры балістычныя ракеты. Асабліва важную ролю ў знішчэнні беспілотнікаў адыгралі амерыканскія, брытанскія і іарданскія вайсковыя самалёты. Большасць іранскіх беспілотнікаў і ракет былі знішчаныя яшчэ да таго, як дасягнулі паветранай прасторы Ізраіля. Дзясяткі дронаў збілі над сваёй тэрыторыяй іарданскія ВПС.

Немалаважным з'яўляецца і фактар адлегласці. Запушчаныя з тэрыторыі Ірана, ракеты і дроны павінны былі праляцець шмат сотняў кіламетраў да цэлі праз тэрыторыі некалькіх краін. Што таксама дало дастаткова часу на падрыхтоўку да іх сустрэчы.

Пускавая ўстаноўка «Жалезны купал» запускае ракету. Фота: Wikimedia Commons

Відавочным, як піша Бі-бі-сі, з'яўляецца той факт, што суботняя атака адсунула рознагалоссі, якія існавалі паміж Ізраілем і яго саюзнікамі на Захадзе адносна канфлікту ў Газе, на другі план. ЗША і іх саюзнікі запатрабавалі ад Тэгерана спыніць эскалацыю канфлікту.

Што далей?

Аднак, як піша выданне The Wall Street Journal, застаецца адкрытым пытанне, ці змогуць Ізраіль і яго прыхільнікі паўтарыць паспяховыя дзеянні ва ўмовах татальнай вайны.

Выклікае пытанне і здольнасць Ізраіля абараніць сябе без знешняй дапамогі. Вядома, што прэзідэнт ЗША Байдэн папярэдзіў прэм'ер-міністра Ізраіля Нетаньяху, што не падтрымае ўдар у адказ: Амерыка не будзе ў ім удзельнічаць.

Сродкі перахопу, асабліва сістэмы Arrow і Patriot, якія выкарыстоўваюцца супраць балістычных ракет, надзвычай дарагія, а іх колькасць абмежаваная. Сітуацыю ўскладняе і пазіцыя Кангрэса ЗША, які затармазіў пакет вайсковай дапамогі Ізраілю, Украіне і Тайваню.

Мурал з выявай прэзідэнта ЗША Джо Байдэна як супергероя, які абараняе Ізраіль, на вуліцы Тэль-Авіва. 14 красавіка 2024 года. Фота: AP Photo/Leo Correa

Але ва ўмовах прамой пагрозы непасрэдна ад Тэгерана галасы прапалестынскіх палітыкаў і прыхільнікаў эмбарга на пастаўкі зброі Ізраілю наўрад ці будуць пачутыя.

У той жа час трэба мець на ўвазе, што падчас суботняй атакі была выкарыстана толькі малая частка вялізнага арсенала беспілотнікаў і ракет Ісламскай Рэспублікі. Тэгеран таксама трымае ў рэзерве свае ліванскія марыянетачныя сілы — групоўку «Хезбала», якая мае тысячы ракет і снарадаў.

І хоць у суботу іранскія ракеты пераадолелі абарону толькі некалькі разоў, іранскія вайскоўцы атрымалі каштоўныя звесткі, назіраючы за працай ізраільскіх і амерыканскіх СПА.

Абдумваючы меры ў адказ, Ізраіль павінен улічваць інтарэсы сваіх арабскіх партнёраў, такіх як Іарданія, Саудаўская Аравія і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. Нягледзячы на народны гнеў адносна забойства дзясяткаў тысяч палесцінцаў падчас ізраільскіх ваенных аперацый у Газе, Іарданія і іншыя партнёры дапамаглі Ізраілю адбіцца ад іранскіх ракет і беспілотнікаў у суботу.

Ваенны кабінет Ізраіля, як піша Бі-бі-сі, спрабуе распрацаваць такі варыянт удару па тэрыторыі Ірана, які не прывядзе да эскалацыі. Адным з іх з'яўляецца атака на атамныя аб'екты.

Між тым, кіраўнік генеральнага штаба Узброеных сіл Ірана генерал Махамад Багеры выступіў з пагрозай: калі Ізраіль распачне дзеянні ў адказ, «наша наступная аперацыя будзе нашмат маштабнейшай».

The Wall Street Journal цытуе словы дырэктара іранскага праекту Міжнароднай крызіснай групы Алі Ваеза (Ali Vaez) аб тым, што ў тым выпадку, калі Іран прыйдзе да высновы, што недастаткова звычайных сродкаў, ён можа схіліцца да выкарыстання ядзернай зброі.

Іран заявіў пра завяршэнне аперацыі супраць Ізраіля

Як Ізраіль можа адказаць на іранскую атаку?

Байдэн заявіў, што Ізраіль і ЗША збілі амаль усе запушчаныя Іранам ракеты

Армія Ізраіля: чаму яна такая магутная

Антось Жупран