Пачаліся літоўска-польскія вайсковыя вучэнні ў Сувалкскім калідоры

Узброеныя сілы Літвы і Польшчы 21 красавіка пачалі сумесныя тактычныя вучэнні «Адважны грыфон» у раёне Сувалкскага калідору. У гэтых вучэннях таксама прымуць удзел саюзнікі з ЗША і Партугаліі, піша LRT.

21.04.2024 / 15:26

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа і прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Фота: Photo by Dominika Zarzycka / SOPA Images/LightRocket via Getty Images

Па паведамленні вайсковай прэс-службы, падчас вучэнняў 1,5 тыс. вайскоўцаў пяхотнай брыгады «Жэмайція» ім. Вялікага гетмана Літоўскага Яна Хадкевіча сумесна з саюзнікамі апрабуюць абарончыя сцэнары ў так званым Сувалкскім калідоры ў адпаведнасці з двухбаковым літоўска-польскім «Аршанскім планам». 

Гэты план у 2022 годзе падрыхтавалі камандуючыя літоўскай і польскай арміямі, большая яго частка засакрэчана. 

Сувалкскі калідор — гэта памежны ўчастак паміж Літвой і Польшчай, які з захаду мяжуе з Калінінградскай вобласцю, а з усходу — з Беларуссю. 

Вучэнні працягнуцца да 26 красавіка. 

Адначасова ў Літве працягваюцца вучэнні «Удар мяча», арганізаваныя Узброенымі сіламі ЗША.

Nashaniva.com