«Жонка для мяне — гэта ўсё». Буданаў распавёў пра атручванне сваёй жонкі

Кіраўніка Галоўнага ўпраўлення разведкі Украіны Кірылу Буданава журналісты BBC спыталі пра замахі на яго і яго жонку.

23.04.2024 / 14:05

Раней Буданаў распавядаў, што на яго было каля дзесяці замахаў. Ён кажа, расіяне і цяпер «плануюць сёе-тое, але, як і мінулыя разы, усё ў іх не атрымаецца».

Журналісты спыталі пра атручванне яго жонкі. Буданаў адказаў, што стан яе стабілізаваўся. Большую частку таксінаў вывелі. 

Пра вынікі расследаванне, па яго словах, гаварыць яшчэ рана, але ён кажа, што вынікі расследавання абавязкова будуць: «Гэта мая жонка, таму так яно не сыдзе». 

Журналіст спытаў, ці не быў сам Буданаў мэтаю атручвання. 

Буданаў гэта адмаўляе. 

«Не, іх логіка зразумелая — жонка для мяне вельмі… Гэта ўсё. І ўплыў яе яны правільна ацанілі. Але, як бачыце, з намі Бог, і нічога не будзе», — адказаў ён.

Пра атручванне жонкі Буданава цяжкімі металамі стала вядома ў лістападзе 2023 года. «Гэтыя рэчывы ніякім чынам не выкарыстоўваюцца ў побыце і ваеннай справе. Іх наяўнасць можа паказваць на мэтанакіраваную спробу атручвання канкрэтнага чалавека», — адзначалі ў разведцы.

Кірыл і Марыяна Буданавы пажаніліся ў жніўні 2013 года. У кастрычніку 2022 года Буданава дала інтэрв'ю ўкраінскаму часопісу Elle, у якім распавяла пра сябе. Яна паведаміла, што па адукацыі псіхолаг, з 2015-га да 2017 года займалася валанцёрскай дзейнасцю ў галоўным ваенным шпіталі на Шпітальнай у Кіеве.

Nashaniva.com