Сенат ЗША прагаласаваў за выдзяленне дапамогі Украіне

Байдэн раней абяцаў падпісаць дакумент максімальна хутка.

24.04.2024 / 07:15

Фота: Mariam Zuhaib / AP

Сенат Кангрэса ЗША ў аўторак пераважнай большасцю галасоў прагаласаваў за прыняцце пакета дапамогі Украіне, Ізраілю і Тайваню ў памеры 95,3 мільярда даляраў (Украіна павінна атрымаць 61 мільярд), піша «Украінская праўда».

Законапраект аб выдзяленні фінансавання саюзнікам ЗША набраў 79 галасоў «за». «Супраць» прагаласавала 17 сенатараў.

Такім чынам, абедзве палаты амерыканскага Кангрэса ўхвалілі законапраект.

Для ўступлення ў сілу законапраект павінен падпісаць прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, той абяцаў яго падпісаць вельмі хутка.

20 красавіка Палата прадстаўнікоў ЗША прагаласавала за законапраект аб замежнай дапамозе для Украіны.

Таксама ў суботу большасцю галасоў прыняты законапраект, які ўключае палажэнне аб канфіскацыі суверэнных актываў Расіі на карысць Украіны, уключаючы «забарону на размарозку суверэнных расейскіх актываў», «паўнамоцтвы для забеспячэння кампенсацыі Украіне з выкарыстаннем захопленых расійскіх актываў», і «выкарыстанне актываў для аднаўлення Украіны».

Nashaniva.com