Крайне хрыплы Лукашэнка пачаў выступ на УНС з ваяўніча антызаходняй рыторыкі

Сёння ў Мінску пачаў працу Усебеларускі народны сход.

24.04.2024 / 14:55

Аляксандр Лукашэнка на трыбуне Усебеларускага народнага сходу. Скрыншот з відэа

Сёння ў Мінску пачаў працу Усебеларускі народны сход. У ім бяруць удзел 1166 лукашэнкаўцаў, вызначаных Адміністрацыяй прэзідэнта.

«Час выбраў нас» — такі транспарант вісіць у зале Палаца Рэспублікі, дзе сход праходзіць.

Пачаўся сход з выступу Аляксандра Лукашэнкі.

«Сход стане ахоўным буферам ад магчымых небяспечных працэсаў, якія ідуць насуперак інтарэсам грамадства і дзяржавы», — заявіў ён.

Голас Аляксандра Лукашэнкі вельмі хрыплы. Як і раней, прыкметна адчуваецца задышка.

Выступ Лукашэнкі быў вытрыманы ў агрэсіўна антызаходнім тоне — антыамерыканскім, антыеўрапейскім, антыпольскім і антыбалтыйскім. 

Ëн абвінаваціў Захад і ЗША ў распальванні войнаў, фінансаванні тэрарыстычных структур. Ëн таксама чарговы раз прадказаў крах долара ЗША.

«Каму гэта выгадна? Тым, хто за акіянам рэжысіруе і глядзіць гэты крывавы баявік даўжынёй у дзесяцігоддзі. Глядзіць і лічыць прыбытак. Заходні транснацыянальны бізнес, у асноўным англасаксы, значна ўзбагаціўся за апошнія гады. Гэта праўда, — грымеў Лукашэнка. — Але скажыце, ці сталі Вашынгтон і Лондан мацнейшымі ў плане палітычнай рэпутацыі, аўтарытэту на міжнароднай арэне за гэтыя гады? Не. Наадварот, бачым, як бурыцца вобраз некалі сапраўды ўплывовых дзяржаў. А там недалёка і да эканамічнага краху. Эксперты ўжо ва ўвесь голас кажуць аб хісткасці сусветнай даляравай піраміды».

Аляксандр Лукашэнка таксама зняважліва выказаўся пра Украіну.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што краіны Балтыі «коцяцца ўніз. Нават нягледзячы на шчодрыя ўліванні Бруселя. Ужо вельмі дорага абыходзіцца барацьба з Беларуссю і Расіяй», — мяркуе ён.

Ëн таксама абвінаваціў Польшчу і Фінляндыю ў здрадзе і супрацоўніцтве з фашыстамі.

«Варожасць балтыйскіх дзяржаў у дачыненні да ўсходніх суседзяў прывяла да адмовы ад гісторыі вялікай краіны. Адрэзалі сябе ад крыніцы сілы. Што ні кажы, а менавіта савецкі перыяд для літоўцаў, латышоў, эстонцаў быў залатым стагоддзем іх развіцця. Дарэчы, дзякуючы Савецкай дзяржаве Польшча і Фінляндыя здабылі сваю незалежнасць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — І ў гэтай гісторыі, заўважу, нікога з іх ніколі не папракалі фактамі здрады і супрацоўніцтва з фашыстамі. А бо ў іх гісторыі гэта было. Бераглі іх нацыянальную годнасць. А тыя, як высветлілася, усе гады трымалі камень за пазухай».

Лукашэнка хваліў Кітай, Расію і сваю палітыку.

Лукашэнка таксама чарговы раз даказваў, што ў 2020 годзе ён перамог. «Таму што не было рэальных сацыяльных прычын для бунту і рэвалюцыйных настрояў», — заявіў ён.

«Мы ніколі яшчэ не жылі так добра, як цяпер», — пафасна заявіў Аляксандр Лукашэнка, і зала па камандзе заапладзіравала.

Nashaniva.com