Пінск «тэрарызуе» злодзей‑кішэннік

За дзве з паловай гадзіны ён скраў восем кашалькоў з жаночых торбачак.

01.03.2010 / 17:11

У Пінску 27 лютага зарэгістравана восем крадзяжоў кашалькоў з жаночых торбачак.

Як паведамілі ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Брэсцкага аблвыканкама, шэсць такіх злачынстваў было ўчынена з 10.40 да 12.25 на рынку па вуліцы Ленінградскай. Яшчэ два аналагічныя — з 12.50 да 13.05 на рынку па вуліцы Зоркавай. Усе пацярпелыя звярнуліся ў міліцыю. Аддзяленнем дазнання Пінскага ГАУС распачаты крымінальныя справы па ч. 1 арт. 205 Крымінальнага кодэкса.

Паводле інфармацыі аператыўна-пошукавага аддзела УУС, з пачатку бягучага года ў вобласці гэта першы выпадак ўчынення такой колькасці злачынстваў дадзенай катэгорыі за адзін дзень.