Удзельнікі акцыі салідарнасці з Аўтуховічам і Асіпенкам затрыманыя

16.03.2010 / 15:18

У Мінску затрыманы ўдзельнікі акцыі пратэсту каля будынка Вярхоўнага суда, дзе 16 сакавіка, пасля амаль тыднёвага перапынку, аднавіліся слуханні па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі.

Прыкладна 15 актывістаў маладзёжных дэмакратычных рухаў сталі каля будынка суда з партрэтамі падсудных, не выкрыкваючы ніякіх лозунгаў.

Супрацоўнікі міліцыі нейкі час заклікалі іх разысціся і папярэджвалі пра адказнасць. Акцыя доўжылася прыблізна 10 хвілін, пасля чаго яе ўдзельнікі былі затрыманы супрацоўнікамі палка міліцыі спецыяльнага прызначэння і павезены, як мяркуецца, ва УУС Ленінскага раёна.