Забойца сабак ізноў атрымаў штраф

25.03.2010 / 17:55

25-га сакавіка суд Завадскога раёна сталіцы наклаў на Аляксандра Бондара штраф у памеры 10-ці базавых велічынь за забойства сабакі. Гэта мінімальнае пакаранне. Спадару Бондару пагражаў адміністрацыйны арышт да 15 сутак.

1-га лютага А.Бондар ля аднаго з дамоў па вуліцы Варвашэні службовым фургонам здзейсніў наезд на сабаку сваёй суседкі Ніны Бурвель – карлікавага пудзеля. Прычым зрабіў гэта свядома, што і было даказана падчас судовага разбіральніцтва. Яно, гэтае разбіральніцтва, было надзіва эмацыянальным – нават адвакат спадара Бондара – Валерый Данілаў – атрымаў тры папярэджанні ад суддзі Алены Лапцевай.

У выніку Аляксандра Бондара ад арышту выратавала толькі літасць пацярпелай – спадарыні Бурвель.

Цікава, што гэта не першая судовая справа аб забойстве сабакі з удзелам А.Бондара. Вясной мінулага года ён дзеля ўласнай забавы застрэліў са сваёй паляўнічай стрэльбы таксу, якую выгульвалі яе гаспадары – 10-гадовая глуханямая дзяўчынка і яе бацька. Дзякуючы ўмяшальніцтву ахоўнікаў правоў жывёл з ГА «Эгіда», першы суд па справе Бондара адбыўся ў траўні 2009 года. Згодна з яго рашэннем, падсуднага абавязалі выплаціць пацярпеламу баку 480 тысяч беларускіх рублёў.

АП