Справа «Маладога Фронту» набліжаецца да фіналу

Павал Севярынец атрымаў позву ў суд, а на кватэры Зьмітра Хведарука прайшоў ператрус

07.09.2006 / 13:56

У сераду на кватэры аднаго зь лідэраў менскай суполкі незарэгістраванай арганізацыі "Малады Фронт" Зьмітра Хведарука, адбыўся ператрус. Як паведаміў сам Зьміцер, супрацоўнікі КДБ і міліцыі, выкарыстоўваючы ўсе магчымыя сродкі, здолелі трапіць у кватэру.

Сам Зьміцер пазьбег арышту таму, што здолеў зьбегчы праз вакно – кватэра месьціцца на першым паверсе.

Палітвязень Павал Севярынец атрымаў позву ў пракуратуру на допыт у якасьці сьведкі па крымінальных справах, заведзеных у дачыненьні лідэраў МФ Зьмітра Дашкевіча, Барыса Гарэцкага, Алега Корбана й Сяржука Лісічонка.

Павал, нагадаем, адбывае два гады "хіміі" ў Малым Сітне (Полацкі р-н) за арганізацыю 18-19 кастрычніка 2004 г. акцыяў пратэсту на вынікі парламэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму.