Беларускі бок настойвае на «прадметным і змястоўным характары» сустрэчы Лукашэнкі з Мядзведзевым

Уладзімір Макей дамаўляецца ў Маскве аб сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Расіі.

07.04.2010 / 17:57

Прынцыповая пазіцыя беларускага боку заключаецца ў тым, каб будучая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Дзмітрыя Мядзведзева «насіла канкрэтны, прадметны і змястоўны характар».
Пра гэта было заяўлена 6 красавіка падчас сустрэчы ў Маскве кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Уладзіміра Макея з расійскім калегам Сяргеем Нарышкіным, паведамляе прэс‑служба кіраўніка беларускай дзяржавы.

Рабочая паездка Макея ў Маскву адбылася ў развіццё дамоўленасцяў, дасягнутых раней падчас тэлефоннай размовы паміж прэзідэнтамі Беларусі і Расіі, якія дамовіліся аб правядзенні сустрэчы найбліжэйшым часам.

Паводле інфармацыі прэс‑службы, Макей і Нарышкін «у адкрытай і давернай форме абмеркавалі праблемныя аспекты беларуска‑расійскіх адносін, перспектывы актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва ва ўсіх накірунках».

Кіраўнікі адміністрацый дамовіліся аб прапрацоўцы сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі найбліжэйшым часам, тэрміны і парадак дня якой будуць узгоднены па дыпламатычных каналах.

Макей правёў таксама шэраг сустрэч у пасольстве Беларусі з прадстаўнікамі беларускай дыяспары і абмеркаваў пытанні найбольш актыўнага ўцягвання патэнцыялу беларусаў, якія жывуць у Расійскай Федэрацыі, у рэалізацыю канкрэтных гандлёва‑эканамічных праектаў у Беларусі.

Акрамя таго, Макей сустрэўся з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Паўлам Барадзіным. Яны «дэталёва разгледзелі актуальны парадак дня інтэграцыйных працэсаў у рамках Саюзнай дзяржавы», паведамляе прэс‑служба.