Як толькі прыехаў Някляеў, запахла наркотыкамі

25.04.2010 / 21:22

Някляеў паведаміў, што ў рамках грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» ён цяпер наведвае раёны, пацярпелыя ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. «Мы заехалі ў Мазыр, дзе сустракаліся з жыхарамі. Праз некалькі хвілін прыехаў нарад міліцыянераў. Яны паведамілі, што ім паступіла ананімная інфармацыя аб тым, што ў прыватным доме, дзе мы збіраліся, ужываюцца наркотыкі», — сказаў Някляеў.

Паводле слоў паэта, супрацоўнікі міліцыі праверылі пашпарты ва ўсіх прысутных. «Гаспадар дома даў агледзець дом на прадмет наяўнасці наркотыкаў. Што мяне здзівіла — супрацоўнікі прыехалі без пошукавай сабакі. Мабыць, яна ў іх у адпачынку», — пажартаваў Някляеў.

Супрацоўнікі міліцыі абшукалі дом, наркотыкаў не знайшлі, але ўзялі ў актывістаў кампаніі экземпляры газеты «Народная воля» і іншыя друкаваныя матэрыялы «для азнаямлення».