Два мінскія школьнікі рабавалі прадавачак семак

04.05.2010 / 09:23

Супрацоўнікамі аддзела крымінальнага вышуку Савецкага РУУС Мінска затрыманы два дзевяцікласнікі адной са сталічных школ. Падлеткі падазраюцца ў серыі рабаванняў.

Як паведамілі ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС Мінгарвыканкама, з лютага па красавік школьнікі ўчынялі напады на бабуль, якія гандлявалі семкамі і цыгарэтамі. Выручку пенсіянерак дзялілі папалам, а цыгарэты прадавалі ў школе ўдвая танней.

Зламыснікі разлічвалі, што пацярпелыя не будуць звяртацца ў міліцыю, паколькі , незаконна гандлюючы, самі парушалі закон.

Падазроныя выхоўваліся ва ўдалых сем’ях. На гэты момант устаноўлены чатыры эпізоды злачыннай дзейнасці школьнікаў: два на тэрыторыі Савецкага і два не тэрыторыі Першамайскага раёнаў сталіцы. Не выключаецца, што іх можа быць больш.

Аддзелам дазнання папярэдняга расследавання Савецкага РУУС распачата справа па ч. 2 арт. 206 Крымінальнага кодэкса (рабаванне).