Сямашка: Расійскі праект беларускай АЭС надзвычай надзейны

30.06.2010 / 12:47

Расійскі праект, паводле якога будзе будавацца беларуская АЭС, надзвычай надзейны, адзначыў сёння на сумесным пасяджэнні палат Нацыянальнага сходу першы намеснік прэм’ер‑міністра Беларусі Уладзімір Сямашка.

«У параўнанні з ЧАЭС, расійскі праект у тысячу разоў зніжае верагоднасць ўзнікнення самай маленькай аварыі»,

— сказаў Сямашка. Ён адзначыў, што па расійскім праекце ўзводзяць АЭС Балгарыя, Славакія, Кітай. Пры гэтым першы віцэ‑прэм’ер зазначыў, што, нават выбіраючы сярод кампаній, якія ўзводзяць АЭС у свеце, а такіх няшмат — каля пяці, прадстаўнікі гэтых кампаній казалі, што Беларусь цалкам можа выбраць расійскі праект.

Уладзімір Сямашка не лічыць, што Беларусь трапіць у залежнасць ад Расіі з‑за паставак ўранавага паліва для АЭС.

«Па‑першае, загрузка уранавымі стрыжнямі ідзе на 3 гады, і па ўсіх правілах у запасе павінна яшчэ быць такое ж паліва. АЭС здольная працаваць у аўтаматычным рэжыме 5‑10 гадоў. Мы памятаем газавыя і нафтавыя канфлікты, калі адным узмахам рукі перакрываліся засаўкі і помпы станцый.

Не дай бог перажыць яшчэ раз 2006 год, калі пад пагрозай апынулася газатранспартная сістэма.

З АЭС такога не будзе», — сказаў ён.

Уладзімір Сямашка дадаў, што зараз вытворчасць паліва для АЭС могуць стварыць Кітай, Казахстан, якія валодаюць уранавымі запасамі. Такім чынам, да моманту пуску беларускай АЭС уранавае паліва можна будзе купляць не толькі ў Расіі.