Сямён Шапіра прапанаваў перанесці «Дажынкі»

З Адміністрацыі Лукашэнкі адказу пакуль няма.

07.09.2010 / 11:58

З Адміністрацыі Лукашэнкі адказу пакуль няма.

У Лідскім райвыканкаме агучылі новую папярэднюю дату правядзення свята ўраджаю — 24-26 верасня. Раней у прэсе з’яўлялася інфармацыя пра правядзенне «Дажынак 2010» 17-19 верасня. Паведамлялася, што 18 верасня Ліду мусіў наведаць Аляксандр Лукашэнка. Як патлумачыў «НН» намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Антон Глаўніцкі, і ранейшая, і цяперашняя даты правядзення свята ўраджаю «Дажынак» папярэднія. Па яго словах, пра перанос святкавання на тыдзень хадайнічаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра. Пра прычыны такога рашэння Антон Тадэвушавіч не ведае. Адказу з Адміністрацыі Лукашэнкі пакуль няма.

Згодна афіцыйнай інфармацыі, да «Дажынак» у Лідзе абнавілі і пабудавалі каля 220 аб’ектаў. У горадзе з’явіліся новы праспект, лядовы палац, спартыўны комплекс. Чыгуначны і аўтобусны вакзалы рэканструявалі, аднавілі Лідскі замак. У сувязі з працамі на апошнім у Лідзе разгарэліся не абы якія жарсці — не ўсе мясцовыя жыхары захацелі мяняць абжытыя месцы. Усяго на добраўпарадкаванне горада было выдаткавана больш за Br350 млрд. На святкаванне ў цэлым, паводле розных ацэнак, з бюджэту выдзелілі каля Br 485 млрд.

Сямён Печанко