Шэйман наведаў Туркменістан

09.09.2010 / 12:56

Ашхабад наведаў памочнік прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па асобых даручэннях Віктар Шэйман.

Чыноўнік перадаў прэзідэнту Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаву «цёплыя словы вітання і пісьмовае пасланне ад яго беларускага калегі Аляксандра Лукашэнкі», перадаюць туркменскія СМІ.

У рамках сустрэчы суразмоўцы выказалі ўзаемную зацікаўленасць у развіцці традыцыйна сяброўскіх адносін паміж Туркменістанам і Беларуссю, абмеркаваўшы важнейшыя напрамкі супрацоўніцтва. У іх ліку - закупкі Туркменістанам беларускай сельскагаспадарчай і іншай спецтэхнікі, а таксама навучанне туркменскіх спецыялістаў у ВНУ Беларусі.

Гурбангулы Бердымухамедаў таксама адрасаваў беларускім партнёрам прапанову адносна будаўніцтва жылога гарадка для працаўнікоў горнаўзбагачальнага камбіната па вытворчасці калійных угнаенняў, які беларусы ўзводзяць у Лябапскім велаяце Туркменістана.