Пасьля перамогі — вайна

Першы прэзыдэнт рыхтуе электарат не да 19 сакавіка, а да непазьбежнай потым — хто б ні перамог — канфрантацыі з Масквою. Інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі нацыянальным тэлеканалам аналізуе Аляксандар Класкоўскі.

Інтэрвію прэзыдэнта нацыянальным каналам 27 студзеня апанэнты дружна выкрылі як перадвыбарчую агітацыю. Але ці ўсе заўважылі, што гэта быў яшчэ й сэанс псыхалягічнае падрыхтоўкі насельніцтва да імавернай газавай вайны?

02.02.2006 / 11:22

Інтэрвію прэзыдэнта нацыянальным каналам 27 студзеня апанэнты дружна выкрылі як перадвыбарчую агітацыю. Але ці ўсе заўважылі, што гэта быў яшчэ й сэанс псыхалягічнае падрыхтоўкі насельніцтва да імавернай газавай вайны?

Між іншым, першы мэсыдж афіцыйны лідэр зрабіў яшчэ 12 студзеня ў Докшыцах. Праз грукат прапагандысцкіх барабанаў мала хто пачуў тады зьляцелую зь ягоных вуснаў рэпліку: «Таннага газу ня будзе!».

А ці многія зьвярнулі ўвагу на нядаўнюю сьціплую нататку ў афіцыёзных мэдыях, што ў 2008 годзе ўрад мяркуе распачаць будаўніцтва АЭС?

Ну а 27 студзеня ўжо на самым пачатку праграмнага інтэрвію было зазначана: менавіта газавая прывязка да Расеі — галоўнае, што не дае нам пачувацца цалкам незалежнай краінай.

Што да кошту блакітнага паліва, дык прэзыдэнт зрабіў акцэнт: пакуль што Расея нібыта не зьбіраецца прыціскаць апошняга хаўрусьніка да сьценкі. Пакуль што! Трэба разумець, далей — надвое бабка варажыла. Ва ўсякім разе, кіраўніка краіны надта хвалюе вялікая энэргаёмістасьць айчыннага тавару. Ён заклікаў вынаходзіць сучасныя тэхналёгіі ды станавіцца на інавацыйныя рэйкі.

Прадчуваньнем эканамічных цяжкасьцяў можна патлумачыць і яшчэ адно прызнаньне: маўляў, дай бог надалей нарошчваць ВУП не на дзевяць, а хаця б на пяць-шэсьць адсоткаў штогод. Між тым, паводле інфармаваных крыніцаў, на Ўсебеларускі сход падрыхтаваны праект сацыяльна-эканамічнай праграмы з ростам ВУП цягам новай пяцігодкі на 46—55% (ад 7 да 10% штогод). Нешта не сыходзіцца бухгальтэрыя!

Адметна, што кіраўнік Беларусі мусіў выказаць энэргетычную заклапочанасьць адразу пасьля сустрэчы з крамлёўскім лідэрам у Пецярбурзе. Паводле расейскіх крыніцаў, у кулюарах саміту людзі Пуціна ня ўтойвалі раздражненьня. Бо Менск рогам упёрся ў пытаньні канстытуцыйнага акту (адчуваючы ў праекце пасткі), а за пераход на адзіную валюту запатрабаваў апрыёры непрымальную кампэнсацыю — 1,8 мільярду даляраў штогод.

Такі ж глухі нумар можа выйсьці і зь «Белтрансгазам». Не выпадкова віцэ-прэм’ер Сямашка днямі зазначыў: мы, маўляў, ад перамоў не адкручваемся, але й ад даўно названага кошту ($5 мільярдаў!) адступаць не зьбіраемся.

Дый сам кіраўнік краіны, адбіваючы варожы піяр (што ў Сочы ўпотай паабяцаў Пуціну трубу), імпэтна заявіў: «Лукашэнка нічога не аддаў і не аддасьць».

Прагучала шчыра. Так што ў «Газпроме», бадай, рана паціралі рукі, палічыўшы, што беларуская труба ўжо ў кішэні. Масква, мусіць, забылася на ўрокі 2001 году. Кажуць, тады перад выбарамі расейскія алігархі таксама пачуваліся безь пяці хвілін гаспадарамі ласых кавалкаў беларускай уласнасьці, а пасьля — «лахамі», якіх «кінулі».

Лібэральны эканаміст Яраслаў Раманчук прагназуе, што праз год, а мо й раней, Беларусь можа зьведаць такі самы газавы шантаж, як нядаўна Ўкраіна.

А калі Масква добра раззлуецца, дык скончыцца і дурніца з нафтаю, на перапрацоўцы якой Беларусь сёньня зарабляе нябачаныя грошы. За прадукцыю нашых НПЗ Эўропа ахвотна выкладае такія грошыкі, што ніякіх інвэстыцый у буржуяў прасіць ня трэба.

Пакуль што...

Раманчук лічыць цалкам імавернай сытуацыю, калі на тле разьюшанасьці Крамля, шалёнага падаражаньня энэрганосьбітаў ды пільнай патрэбы ў інвэстыцыях беларускі рэжым будзе вымушаны пайсьці на стварэньне болей цывілізаванага бізнэс-клімату. І нават на нейкую дэмакратычную касмэтыку, каб улагодзіць Эўропу.

Тая ж, бадай, будзе радая любым прыкметам «выпраўленьня» беларускага enfant terrible. Урэшце, шэнціць жа гуляць у інтэграцыю з Расеяй ужо адзінаццаты год, дык чаму б не перанесьці ўдалы досьвед на заходні кірунак?

Дарэчы, шэраг незалежных экспэртаў мяркуюць, што Лукашэнка па вялікім рахунку — эканамічны прагматык. Ён чуйна рэагуе на зьмену каньюнктуры і патрэбы тых гаспадарчых структураў, ад якіх наўпрост залежыць дабрабыт сыстэмы.

Між тым у Беларусі сфармаваўся ладны слой лятэнтных нуварышаў, якім карціць шыкаваць адкрыта. Многія намэнклятуршчыкі ахвотна канвэрсавалі б уладу ва ўласнасьць. Гэтыя памкненьні таксама немагчыма стрымліваць вечна нават жалезнай рукою.

Ці выпадкова ўвосень быў падпісаны шэраг указаў, якія, на думку экспэртаў, фактычна ствараюць каркас жорстка кіраванай з самага верху прыватызацыі для пэўнага кола? Гэта можа быць, дарэчы, і своеасаблівым узнагароджаньнем пасьля новай «элегантнай перамогі».

Народу ж за новую пяцігодку абяцана стварыць «дзяржаву для чалавека» (за савецкім часам быў жарт: «...і мы ведаем гэтага чалавека»). Афіцыйны лідэр патлумачыў, што будзе «ня так, як раней, калі ў краме ці ў ашчаднай касе на цябе, як зьмяя, нехта сіпіць».

Карацей, грамадзянам мусяць паўсюдна наладзіць культурнае абслугоўваньне. Але ж культурна абслугоўвалі і Швэйка ў вар’ятні: санітары нават у прыбіральні вакол яго шчыравалі. «Там такая свабода, што й сацыялістам ня сьнілася», — хваліўся потым герой Гашка.

Калі ж сур’ёзна, дык у айчыннай канцэпцыі «дзяржавы для чалавека» — ні гу-гу пра палітычны плюралізм, грамадзянскую ініцыятыву, канкурэнцыю ідэй ды элітаў. Нават пра належны інфармацыйны сэрвіс, пра мэдыйную разнастайнасьць (а то ж і тэлевізар уключыш — абавязкова «як зьмяя, нехта сіпіць»).

Нарэшце, у гэтай «дзяржаве для чалавека» няма месца такому панятку, як правы чалавека. Прасекчы ж акно ў Эўропу выключна за кошт прынцыпу аднаго акна — надта праблематычна.

А так усё супэр. Швэйк быў бы на сёмым небе.