Пасол Венгрыі спадзяецца, што прэзідэнцкая кампанія будзе больш шумнай
03.11.2010 / 09:51
Пасол Венгрыі Ферэнц Контра спадзяецца, што кандыдаты на пасаду прэзідэнта Беларусі атрымаюць рэальны шанс расказаць народу пра свае праграмы.
У інтэрв’ю БелаПАН па выніках наведвання 2 лістапада пасламі краін Еўрасаюза Трасцянца і Курапат дыпламат адзначыў, што прэзідэнцкая выбарчая кампанія ў Беларусі праходзіць інакш, чым у Венгрыі. Паводле яго слоў, выбарчыя кампаніі ў Венгрыі даволі шумныя, паколькі кандыдаты імкнуцца паказаць сябе, яны выступаюць, пра кандыдатаў гавораць і пішуць, іх паказваюць па тэлебачанні, гэтых людзей усе ведаюць.
«У Беларусі прэзідэнцкая кампанія ідзе ціха, па тэлебачанні гавораць аб нейкіх прэтэндэнтах, аднак самі яны не з’яўляюцца на тэлеэкранах», — сказаў дыпламат.
Ён выказаў надзею, што сёлетняя прэзідэнцкая выбарчая кампанія ў Беларусі будзе адрознівацца ў лепшы бок у параўнанні з папярэднімі выбарамі кіраўніка дзяржавы.
Дыпламат нагадаў, што Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ «ніколі не прызнавала транспарэнтнымі, чыстымі і сумленнымі ўсе папярэднія выбарчыя кампаніі ў Беларусі».
«Хочацца верыць, што будзе прадоўжана тая лібералізацыя, якая назіралася падчас збору подпісаў для рэгістрацыі кандыдатаў на пасаду кіраўніка дзяржавы, і ўдзельнікі палітычнага працэсу атрымаюць рэальны шанс расказаць народу пра свае праграмы», — падкрэсліў Ферэнц Контра.