КДБ правярае адваката Міхалевіча

У Алега Агеева запатрабавалі ўсе дакументы, што датычаць яго прафесійнай дзейнасці.

10.02.2011 / 12:17

У Алега Агеева запатрабавалі ўсе дакументы, што датычаць яго прафесійнай дзейнасці.

Як паведаміла «Нашай Ніве» Мілана Міхалевіч, 10 лютага ў юрыдычную кансультацыю Ленінскага раёна Мінска, што на вуліцы Ульянаўскай, 4, завітаў супрацоўнік КДБ. Яго цікавіў адвакат кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча Алег Агееў. Кадэбіст меў пры сабе ліст на імя загадчыка кансультацыі з просьбай накіраваць у Камітэт дакументы аб дзейнасці адваката Агеева, у тым ліку асабістыя рахункі. Супрацоўнікі кансультацыі выдаць дакументы адмовіліся, бо для гэтага не было прававых падстаў.

Алег Агееў абараняе Алеся Міхалевіча з моманту яго затрымання. Гэты аўтарытэтны адвакат быў абраны сябрам Прэзідыума Мінскай гарадской калегіі адвакатаў.

Як сказаў «Нашай Ніве» адзін з адвакатаў на ўмовах ананімнасці, гэта беспрэцэдэнтны факт ціску.

СП