У Мінску раскрыта серыя дзёрзкіх разбойных нападаў на кур'ераў інтэрнэт-крам

15.03.2011 / 11:37

У Мінску раскрыта серыя дзёрзкіх разбойных нападаў на прадаўцоў дарагой аргтэхнікі, паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама.

У прыватнасці, у лютым у Мінску быў здзейснены напад на кур'ера, які прывёз у адзін з жылых дамоў сталіцы ноўтбук, замоўлены па Інтэрнеце. Налётчыкі ў масках, пагражаючы нажом, адабралі тэхніку. У другім выпадку, у пачатку сакавіка ў кур'ера таксама забралі ноўтбук і вялікую суму грошай, але ўжо выкарыстоўваючы бейсбольную біту і электрашокер.

Расследуючы гэтыя напады, міліцыя затрымала 23-гадовага непрацуючага хлопца і 18-гадовага другакурсніка прафесійнага ліцэя. Абодва - жыхары Смалявіцкага раёна. Свае злачынствы яны старанна рыхтавалі. Спачатку шукалі патрэбныя аб'явы аб продажы аргтэхнікі, затым стэлефаноўваліся з прадаўцамі, якім прапаноўвалі прывезці камп'ютары на загадзя выбраны адрас.

Іх затрыманне было праведзена як раз падчас завяршальнай стадыі падрыхтоўкі да трэцяга разбою. Акрамя таго, у аператыўнікаў ёсць усе падставы меркаваць, што хлопцы планавалі і рыхтавалі яшчэ як мінімум два аналагічныя напады.