Дашкевічу — 2 гады, Лобаву — 4

абноўлена, дадаліся фоты з суда

Пацярпелыя ў зале суда так і не з’явіліся. Яны адказвалі на пытанні з-за сценкі. І Малышаў, і Савіцкі, у свае прыкладна 30 гадоў нідзе ніколі не працавалі.

25.03.2011 / 02:35

Абвешчаны прысуд у справе Змітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава.

Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў на судзе.

Бацькі: Вячаслаў Дашкевіч і Марына Лобава. Фота Сяргея Гудзіліна.

Марына Лобава і Марына Адамовіч, жонка Міколы Статкевіча. Фота Сяргея Гудзіліна.

Вячаслаў Дашкевіч. Фота Сяргея Гудзіліна.

Суддзя пакарала маладафронтаўцаў наступным чынам. Кіраўнік арганізацыі Зміцер Дашкевіч атрымаў два гады калоніі агульнага рэжыму, а яго паплечнік — Эдуард Лобаў — чатыры ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Хлопцаў прызналі вінаватымі ў злосным хуліганстве у збіцці дзвюх асобаў на вуліцы.

«Пацярпелыя» ў зале суда так і не з’явіліся. Яны адказвалі на пытанні з-за сценкі. Відаць, баяліся далейшай расправы.

Дашкевіча і Лобава затрымалі 18 снежня, за дзень да падзей на Плошчы.

Праваабаронцы выказалі меркаванне, што двое «пацярпелых» — гэта так званыя «ціхушнікі», асобы, завербаныя спецслужбамі для правакацый. На думку назіральнікаў, гэта могуць быць дэкласаваныя элементы, залежныя ад алкаголю.

Абодва яны, і Малышаў, і Савіцкі, у свае прыкладна 30 гадоў нідзе ніколі (!) не працавалі. Малышаў нават мабільнікам ніколі не карыстаўся. «Я адмаўляю дасягненні сучаснай навукі».

«А дзе вы бяраце грошы на кафэ?» — запыталася ў яго адвакатка. — «Бог дае», — прагучаў голас з-за сценкі.

Паводле паказанняў Савіцкага і Малышава, яны сустрэліся на вуліцы Брыля «абсалютна выпадкова». Пры гэтым абодва гэтыя беспрацоўныя даехалі туды на папутках. Потым яны, маўляў, вырашылі паехаць у цэнтр горада. І папыталіся ў Дашкевіча й Лобава, як прайсці да прыпынку. А пасля пытання пра цыгарэты, нібыта, «Дашкевіч беспрычынна нанёс удар Алегу ў жывот»…

Па сваім цынізме палітычны працэс Дашкевіча-Лобава пабіў усе рэкорды.

Зміцер Панкавец