У Менску разагнаная акцыя ў падтрымку палітзьняволеных

Затрыманыя 22 чалавекі. Сярод іх Алесь Бяляцкі, Анатоль Лябедзька, Валянцін Стэфановіч, Валянціна Палевікова.

10.12.2006 / 15:59

У нядзелю, 10 сьнежня, на Кастрычніцкай плошчы ў Менску прайшла акцыя салідарнасьці з Аляксандрам Казуліным, што 52-гі дзень трымае галадоўку ў віцебскай калёніі. Таксама нагадаем, што сёньня адзначаюцца 58-я ўгодкі прыняцьця Сусьветнай дэклярацыі аб правах чалавека.

Акцыя сабрала каля 100 чалавек. Спачатку людзі зьбіраліся купкамі, трымаючы ў руках партрэты Аляксандра Казуліна. Моладзь прыйшла з партрэтамі Зьмітра Дашкевіча. Прыкладна а 14-й гадзіне ўдзельнікі акцыі паспрабавалі выстраіцца ў лянцуг, які амаль адразу быў разагнаны АМОНам. Людзі выцясьняліся ў бок Пляцу Волі.

Затрыманыя 22 чалавекі, у тым ліку праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, сябра АГП Валянціна Палевікова. Затрыманы таксама сябра незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Хведарук.

Пасьля ўдзельнікі акцыі некалькі разоў аднаўлялі лянцуг, але штораз выцясьняліся АМОНам з Плошчы.

Зьміцер Панкавец, Арцём Лява