Былая журналістка БелТА Алеся Серада: «Я не маю дачынення да здымкаў Лукашэнкі ў метро»

Прычынай яе сыходу з інфармацыйнага агенцтва стала «парушэнне аднаго з пунктаў працоўнага распарадку».

26.04.2011 / 14:43

Інфармацыя пра нібыта зніклую журналістку інфармацыйнага агенцтва БелТА Алесю Сераду хутка абляцела сацыяльныя сеткі. Казалі, што

менавіта яе зрабілі вінаватай за «зліў» у незалежныя СМІ здымкаў, на якіх кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка стаіць у метро на фоне нябожчыкаў.
Казалі, нібыта яе забралі проста з працы разам з сістэмным блокам камп’ютара. Мабільны нумар журналісткі не адказваў, што наводзіла яе сяброў на самыя дрэнныя думкі.

Карэспандэнт «Нашай Нівы» здолеў звязацца з Алесей Серадой і даведацца яе меркаванне наконт сітуацыі. Дзяўчына кажа, што

яна «сапраўды сышла з працы з БелТА», але да скандальных здымкаў яна «не мае ніякага дачынення». Прычынай яе сыходу стала парушэнне працоўнага распарадку.
У выніку дамова была спыненая па згодзе абодвух бакоў. «Але я ў любым выпадку не магла там больш працаваць», — кажа Алеся.

Чаму сябры і знаёмыя не маглі з ёй звязацца? «Гэта асаблівасць майго псіхічнага стану», — жартуе Алеся. Па яе словах,

ёй захацелася пабыць адной.

Яўген Васількоў