Як лонданцы святкуюць каралеўскае вяселле

Шкада, што мы не маем такой манархіі, як брытанцы.

29.04.2011 / 22:11

Вяселле будучага брытанскага караля (а прынц Вільгельм — другі ў чарзе да трона і зважаючы на непапулярнасць ягонага бацькі Карла з вялікай доляй верагоднасці зробіцца наступным каралём) — рэч вартая таго.

Не сказаць, каб святочныя мерапрыемствы не пакідалі ўражання карціны са старажытных часоў, дзе манаршая асоба жэніцца ці святкуе юбілей, і з гэтае нагоды халопам выкатваюць на рынкавую плошчу бочкі з бясплатным півам і прыганяюць скамарохаў. Абмеркаванне сукенкі Кейт Мідлтан і прычоскі Вільгельма ці прынца Гарры, святочнае шаленства са сцягамі і партрэтамі — мне складана эмацыйна зразумець ўсё гэта, бо маладыя не з’яўляюцца ўвасабленнем маёй гісторыі і маёй краіны.

Хаця, з другога боку, без караля хіба мы робімся меншымі халопамі, напіваючыся на 9 траўня ці якісь дзень горада? Ці якое параўнанне можа быць з выкшталцонай брытанскай манархіяй (ці нават расейскай узора стогадовай даўніны) калі выразны, у найгоршым сэнсе гэтага слова халоп робіцца галавой дзяржавы і не разважае аб тым, каб неяк змяніць свае халопскія манеры і кіраўнічы стыль?

У лонданскіх антыкварных крамах можна знайсці сувеніры з каралеўскага вяселля Чарльза і Дыяны ў 1981 г. ці вяселляў 100–150 гадоў таму, альбо з каранацыі Альжбеты ІІ ці яе папярэднікаў.

У Маскве даводзілася бачыць такія ж сувеніры з каранацыі Мікалая ІІ. З той розніцай, што ў Брытаніі гісторыя працягваецца, а 

наша постсавецкае грамадства за апошнія сто гадоў ўжо два разы ціснула кнопку «Reset» на сваёй уласнай гісторыі. Што тычыцца Беларусі і Расеі, гэтая кнопка перад вачыма нашага з вамі пакалення будзе націснутая мінімум яшчэ адзін раз.

Будучы адначасова адной з апошніх у свеце манархій, Брытанія адначасова застаецца і адной з найстарэйшых у свеце рэальна функцыянуючых дэмакратый. Эліта грамадства і адпачатку ўдала склаўшыся грамадскі лад — як старое віно, чым старэй, тым якасней. Шкада, што мы не маем такой манархіі, як брытанцы.

Алесь Чайчыц