Аблога крамы з лядоўнямі ў Мінску: відэа без каментароў

Каб прадухіліць штурм, завод «Атлант» выставіў ахову.

21.05.2011 / 12:47

Хутка лета, але справа не ў тым. Зважаючы на дэвальвацыю рубля, людзі ўкладаюць грошы ў бытавую тэхніку.
Як вынік — чэргі ля фірмовых крамаў, спісы, эмоцыі і, урэшце, шчасце займець вялікага металічнага сябра.

Ля адной з фірмовых крамаў завода «Атлант», размешчанай у Мінску на вуліцы Пушкіна, 14, ахвотныя набыць новую лядоўню сталі ў чаргу за дзве гадзіны да адкрыцця. Каля пяцідзесяці чалавек эмацыйна даводзілі сваё законнае права на лядоўню. Завод «Атлант» нават выставіў ля крамы ахову — моцных хлопцаў з ліку рабочых.

Купцы бяруць крамы ледзь не штурмам. Што праўда, нават калі сёння некаму і пашчасціць замовіць лядоўню, забраць яе яны змогуць толькі ў канцы чэрвеня — такі доўгі спіс чакання на заводзе.

Таццяна Гаўрыльчык, Алесь Пілецкі