Лукашэнка: Патрэбна валюта на адпачынак у Егіпце? Пазычце

27.05.2011 / 16:38

«Сёння апераджальнымі тэмпамі расце імпарт, інфляцыя б'е рэкорды, няма валюты ў абменных пунктах», -- прачытаў Аляксандр Лукашэнка чарговы тэзіс з загадзя падрыхтаванага тэксту выступу на нарадзе.

А затым дадаў ад сябе: «Але гэта не самае галоўнае, што ў абменных пунктах няма валюты. У нас жа за беларускія рублі купляюць у крамах тавары. Кажуць, час адпачынкаў, у Егіпет захацелася. Пазычце або купіце на чорным рынку. Навошта вы звяртаецеся да мяне па валюту, каб паехаць у Егіпет?

Гэта вышэй даху, вышэй нахабства», -- заявіў Лукашэнка.

«На соль і воцат, на якія быў ажыятаж, таксама патрэбная валюта? Не! Калі воцат пачалі скупляць, я спытаўся: «У нас гарэлка ў крамах ёсць?» -- «Ажыятажу няма». -- «Дык навошта вы воцат купляеце? Грэшнай справай, я падумаў, што народ пачаў піць воцат ад засмучэння. Самі вінаватыя, што стварылі ажыятаж», -- сказаў на заканчэнне ён.

«Я папярэджваў, што калі будзе ажыятажны попыт, то пачнуць скакаць цэны, валюта», -- нагадаў Лукашэнка.