Дызайнеру Сашу Варламаву прад'яўлена абвінавачанне

30.05.2011 / 20:55

Вядомаму беларускаму дызайнеру, кіраўніку Цэнтра маладзёжнай моды БДУ, заснавальніку міжнароднага фестывалю «Млын моды» Сашу Варламаву прад’яўлена абвінавачанне, паведаміла ўпраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў (УІГС) МУС.

Абвінавачанне прад’яўлена Галоўным следчым упраўленнем папярэдняга расследавання МУС 28 мая. Варламаву ставіцца ў віну ўчыненне злачынстваў, прадугледжаных ч. 2 арт. 426 (перавышэнне службовых паўнамоцтваў) і ч. 3 арт. 210 (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі) Крымінальнага кодэкса.

Паводле даных МУС, «у перыяд з 2007 года да снежня 2010 года Аляксандр Варламаў з’яўляўся дырэктарам ПУП „Агенцтва моды Сашы Варламава“, мастацкім кіраўніком цэнтра сучаснага стылю і моды UNIVERSUM MODELS упраўлення па справах культуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта на грамадскіх пачатках, а затым начальнікам Цэнтра маладзёжнай моды Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта на грамадскіх пачатках».

«Дзейнічаючы незаконна, з карыслівай і іншай асабістай зацікаўленасці, перавышаючы свае службовыя паўнамоцтвы, пры камандзіраванні пад яго кіраўніцтвам беларускіх дэлегацый у краіны Еўропы для правядзення фестывалю-конкурсу „Млын моды“ — „Міжнародная маладзёжная творчая майстэрня“

прысвоіў грашовыя сродкі, выдзеленыя ўдзельнікам дэлегацый на сутачныя расходы, зрабіў значны ўрон правам і законным інтарэсам грамадзян»,
 — паведамляе УІГС.

Акрамя таго, адзначаецца ў паведамленні, у перыяд з верасня 2009 года да снежня 2010 года Варламаў «з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў украў грашовыя сродкі, выдзеленыя БДУ для фінансавання дзейнасці Цэнтра маладзёжнай моды БДУ». «У прыватнасці, гаворка ідзе пра крадзеж грашовых сродкаў, якія налічваліся на імя супрацоўнікаў Цэнтра ў якасці зарплаты», — паведамляе УІГС.

Такім чынам, паводле даных следства, агульны ўрон на сёння складае не менш чым 700 мільёнаў беларускіх рублёў. У дачыненні да Варламава абраная мера стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту.

Як паведамлялася раней, дызайнер быў змешчаны пад варту 20 мая.

7 мая на цырымоніі закрыцця чарговага фестывалю «Млын моды» Варламаў выступіў са зваротам да Аляксандра Лукашэнкі, папрасіўшы не закрываць фестываль. Ён падкрэсліў, што ніколі не займаўся палітыкай, а толькі дызайнам адзення.

Пазней у інтэрв’ю газеце «Комсомольская правда» в Белоруссии» мадэльер заявіў: «Я стаміўся ад таго, што мне здрадзілі людзі і дзяржава. Міністэрства адукацыі ўвесь час спрабуе паставіць мяне на месца, не дае ні жыць, ні працаваць. Усе гэтыя гады я займаўся фестывалем толькі таму, што люблю дызайнераў, яны мяне натхняюць, я многаму вучуся ў іх. За апошнія 12 гадоў працы я не атрымаў ні капейкі зарплаты. Але я так больш не магу. Мне няма на што купляць прадукты, няма на што жыць».

У абарону Сашы Варламава выступілі яго вядомыя расійскія калегі. Яны не вераць у тое, што ў Варламава быў карыслівы намер.

Так, прэзідэнт дабрачыннага фонду «Рускі сілуэт», ганаровы член Расійскай акадэміі мастацтва Таццяна Міхалкова адзначыла ў інтэрв’ю БелаПАН: «Я ведаю Аляксандра Варламава шмат гадоў. За гэтыя гады фестываль „Млын моды“ ператварыўся ў магутны еўрапейскі міжнародны праект. Узровень маладых беларускіх дызайнераў цяпер параўнальны з узроўнем выпускнікоў найлепшых школ свету. Безумоўна, гэта заслуга і Аляксандра. Такіх апантаных праектам людзей вельмі мала».

Міхалкова падкрэсліла, што «правядзенне такіх глабальных праектаў надзвычай затратны і не заўсёды паддаецца дакладнай бухгалтарскай справаздачнасці». «Магчыма, былі пралікі з-за некампетэнтнасці бухгалтэрыі», — выказала меркаванне яна.

Акадэмік Нацыянальнай акадэміі індустрыі моды РФ і Міжнароднай акадэміі сістэмных даследаванняў Наталля Мізонава, у сваю чаргу, адзначыла: «У СНД і ва ўсім свеце праводзіцца вялікая колькасць конкурсаў маладых дызайнераў, якія ўяўляюць сабой чыста камерцыйныя мерапрыемствы. Узровень журы такіх конкурсаў і саміх паказаў, як правіла, вельмі нізкі. Мне вядомыя толькі некалькі „бескарыслівых“ конкурсаў і фестываляў. „Млын моды“ — у іх ліку».

«Любы конкурс зацікаўлены ў аўтарытэтным міжнародным журы і, зразумела, аплачвае камандзіровачныя расходы, якія можна, як гэта робіць большасць конкурсаў, „павесіць“ на ўдзельнікаў і рэзка знізіць даступнасць конкурсу, а можна шукаць іншыя крыніцы. Аказваецца, што гэты высакародны матыў небяспечны для арганізатара. Мабыць, лепш, калі ў конкурсе ўдзельнічаюць бяздарныя дзеці багатых бацькоў», — сказала Мізонава.

Марына Носава, БелаПАН