Севярынец пра цэны на бензін: Салідарнасць перамагае

08.06.2011 / 20:01

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» Павал Севярынец пракаментаваў загад Аляксандра Лукашэнкі аб паніжэнні цэнаў на бензін, які той аддаў на наступны дзень пасля шматлюднай акцыі «Стоп-бензін» у Менску. «Салідарнасць перамагае», — адзначыў сустаршыня БХД.

«Аўтамабілісты здолелі сабрацца і арганізавана выказаць свой пратэст. У выніку яны дамагліся перамогі на ўзроўні Лукашэнкі», — лічыць Павал Севярынец.

Словы палітыка цытуе прэсавая служба аргкамітэта БХД.

«Самаарганізацыя, самакіраванне і салідарнасць — вось тыя адказы, якія можа даць грамадства, каб выйсці з крызісу. Задачай жа дэмакратычных сілаў, у тым ліку і БХД, з’яўляецца заахвоціць і падтрымаць такую арганізацыю людзей», — заявіў ён.

9 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Давайце дамовімся: паліва з заўтрашняй раніцы будзе не Br5200-5100, а максімум Br4500».

Нагадаем, што ў акцыі «Стоп-бензін» у Менску і Берасці бралі ўдзел сябры аргкамітэта БХД.