Грамадзяне ці прыгонныя?
Заява пра кары для будаўнікоў, што выязджаюць за межы, — чарговае страсенне паветра.
15.06.2011 / 14:59
Аляксандр Лукашэнка загадаў спыніць бясплатнае медабслугоўванне і налічваць вышэйшую камуналку тым будаўнікам, хто працуе за мяжой. Адразу заўважу, што з цяжкасцю ўяўляю, якім чынам такая мера можа быць ажыццёўленая.Не бачу для таго ні законнага, ні процізаконнага спосабу. Бо хто ж табе прызнаецца, што ён будаўнік і працуе за мяжой? Ці Лукашэнка мяркуе караць усіх, хто не ўладкаваны на афіцыйную працу ўнутры Беларусі? Ну, людзі будуць у беспрацоўныя пісацца, афармляць адпачынак для дагляду за дзіцем. Бо зарабляць жа трэба. Каб адсачыць усіх грамадзянаў, трэба вяртаць паўночнакарэйскую сістэму, а гэта не пад сілу.
Таму думаю, што
гэтая заява — чарговае страсенне паветра.
Будуць людзі выязджаць. А стане кепска за мяжой — будуць вяртацца. І браць іх назад на працу ў будтрэсты будуць, калі гэта добрыя спецыялісты. На шчасце, на нізавым узроўні дасканала дзейнічаюць законы эканомікі.
Але ад гэтага не менш палохаюся.
Чалавек, які прэтэндуе на тое, што ён — найвышэйшая службовая асоба ў краіне, глядзіць на грамадзян так, нібы яны прыгонныя.
Права на бясплатнае медыцынскае абслугоўванне ўсіх грамадзян Беларусі замацавана ў Канстытуцыі. І калі пачаць дзяліць грамадзян на тых, хто і дзе працуе, можна далёка зайсці. Беларусь і так ужо далёка зайшла. Але тут крывая дарожка можа вывесці да крайняга росту сацыяльнай напружанасці.
Лукашэнка ўпарта шукае выйсце з эканамічных праблем праз умацаванне залежнасці, як па мерках ХХІ стагоддзя — рабскай залежнасці чалавека ад дзяржавы.І пасля здзіўляецца — здаецца, шчыра здзіўляецца — чаму адбываецца дэградацыя чалавечага патэнцыялу.
Сам факт масавага выезду будаўнікоў за межы Беларусі сведчыць пра наша адставанне ад суседзяў, і больш ні пра што.
Чым больш будзе ўжывацца феадальных метадаў, тым больш адстанем, вось і ўсё.