Нацбанк абвяргае, што на пробных таргах сфармаваўся курс 9800

«Пры правядзенні вучэбных таргоў «не ставілася задача вызначыць курс», — цытуе Нацбанк лукашэнкаўскае агенцтва БелТА.

08.09.2011 / 18:38

«Звесткі, якія распаўсюджваюцца некаторымі інтэрнэт-крыніцамі, пра тое, што сёння на вучэбных таргах нібыта быў усталяваны нейкі рынкавы курс беларускага рубля, не адпавядаюць рэчаіснасці. Пра гэта заявілі ва ўпраўленні інфармацыі Нацыянальнага банка.

У Нацбанку падкрэслілі, што пры правядзенні вучэбных таргоў «не ставілася задача вызначыць курс», больш за тое, падчас выпрабавальнай дадатковай сесіі «не праводзілася і не планавалася праводзіць ніякіх рэальных угод».

«Самае сумнае, што ў сваім жаданні надаць фантазіям хоць трохі пераканаўчасці аўтары публікацый зайшлі занадта далёка», —
заявілі ў Нацбанку.

Паводле інфармацыі эканаміста Сяргея Чалага,

сёння разглядаліся толькі заяўкі банкаў.

Таргі пачаліся з хвіліны маўчання па загінулых хакеістах яраслаўскага «Лакаматыва».

Дата адкрыцця паўнавартаснай дадатковай гандлёвай сесіі афіцыйна яшчэ не ўстаноўлена, але ў якасці найбольш верагоднай называюць 15 верасня.

БелТА; ЯМ