16-гадовая дзяўчына загінула на станцыі «Пушкінская»

дапоўнена

Яна ўпэўнена ступіла ў нішу з рэйкамі і праляжала там секунд 30. Але як толькі заўважыла цягнік, падскочыла.

10.10.2011 / 18:12

Загінулай сёння раніцай на мінскай станцыі метро «Пушкінская» аказалася 16-гадовая навучэнка аднаго са сталічных каледжаў Ж. з Асіповічаў.

Як паведаміў НН начальнік Мінскага метрапалітэна Расціслаў Юрэня, ён праглядзеў відэа з камер назірання.

Дзяўчына зайшла ў метро на станцыі «Кунцаўшчына». На «Пушкінскай» выйшла з вагона і накіравалася да цягнікоў у супрацьлеглы бок. Паводле словаў Расціслава Станіслававіча, ішла яна ўпэўненай хадой, і так жа ўпэўнена ступіла ў нішу з рэйкамі.

Дзяўчына не спрабавала ўстаць і праляжала так секунд 30, пакуль не прыехаў цягнік.

Дзяўчыну на рэйках заўважыў супрацоўнік метро, які адразу адключыў напружанне. Але цягнік не здолеў спыніцца — не хапіла дадатковых 10 метраў для тармазнога шляху.

На відэа відно, што, як толькі дзяўчына заўважыла цягнік, яна падскочыла. Але выратавацца не змагла. Яе заціснула паміж платформай і цягніком. Смерць наступіла імгненна.

Трагічны выпадак здарыўся а 7:51. З-за здарэння быў спынены рух цягнікоў на Аўтазаводскай лініі метро ў абодвух напрамках.

Сяргей Макарэвіч