Будучыя прэм’еры і Грэцыі, і Італіі — выпускнікі амерыканскіх універсітэтаў

У той жа час абодва яны прайшлі праз працу ў еўраструктурах.

12.11.2011 / 18:18

Беспартыйны тэхнакрат Марыа Монці ўзначаліць новы ўрад Італіі. Былы намеснік кіраўніка Еўрапейскага цэнтральнага банка Лукас Пападэмас стане новым кіраўніком Грэцыі.

Новыя ўрады на чале з беспартыйнымі будуць свабаднейшымі ў сваіх дзеяннях: ім не трэ будзе змагацца за галасы выбарцаў. Так ім будзе лягчэй ажыццявіць наспелыя непапулярныя меры. Дзве паўднёваеўрапейскія краіны доўгі час жылі не па сродках і ўлезлі ў вялікія даўгі.
Ашчадным паўночнаеўрапейцам — немцам, нідэрландцам, фінам — надакучыла фінансаваць паўднёвых саюзнікаў.

У кар’ерах Монці і Пападэмаса шмат што супадае. Першы скончыў у ЗША магістратуру (Йельскі ўніверсітэт), другі — Масачусэтскі тэхналагічны інстытут. Акрамя таго, абодва прайшлі праз школу еўрапейскіх інстытутаў. Монці двойчы разы займаў пасаду еўракамісара (міністра ЕС). Першы раз ён быў камісарам па пытаннях унутраных рынкаў і фінансавых паслуг, другі раз — па пытаннях канкурэнцыі. У Брусэлі ён праславіўся як цвёрды змагар з манапалізмам. Сярод іншага, пры ім Еўракамісія аштрафавала на паўмільярда даляраў «Майкрасофт» за «Віндоўз», зроблены так, што канкуруючым кампаніям цяжка спалучаць з ім сваё праграмнае забеспячэнне. Пасаду камісара ён страціў, бо, мякка кажучы, не сыходзіўся ў поглядах з Сільвіа Берлусконі, а імёны еўракамісараў называюць жа асобныя краіны.

Пападэмас — прафесійны банкір. І працаваў ён нейкі час у еўрапейскім Цэнтрабанку.

Як бачым, абодва новыя дзяржаўныя дзеячы атрымалі выдатную адукацыю (амерыканскія ўніверсітэты і тады былі, і цяпер застаюцца найлепшымі ў свеце), выдатна валодаюць замежнымі мовамі, і разумеюць, як функцыянуе механізм Еўрапейскага Саюза. Але сваю асноўную кар’еру яны зрабілі ў сябе на радзіме, ва ўніверсітэтах, кампаніях і банках.

Мікола Бугай