Кавалёў напісаў прашэнне аб памілаванні

Уладзіслаў напісаў, што не прызнае сваёй віны.

09.12.2011 / 15:25

Уладзіслаў Кавалёў, прыгавораны да смяротнай кары за саўдзел у тэрарызме, напісаў прашэнне аб памілаванні на імя прэзідэнта Беларусі. Пра гэта 9 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміла маці асуджанага Любоў Кавалёва.

«Пазаўчора ў яго быў адвакат. Уладзіслаў напісаў, што не прызнае сваю віну. Ён напісаў, што невінаваты ва ўчыненні гэтых страшных злачынстваў і не ўчыняў іх», — сказала Кавалёва.

«На маім сыне крыві няма, віны няма, ён сумленны перад людзьмі і перад Богам. Я не ведаю, чаму майму сыну вынеслі такі вердыкт. Я таксама звярнулася да народа ва ўсім свеце сабраць подпісы за адмену смяротнай кары. На гэты момант пад нашай петыцыяй падпісаліся больш як 31 тысяча чалавек. Я ведаю, што не толькі маці, не толькі ўпэўненыя праціўнікі смяротнай кары, але і звычайныя людзі», — сказала Кавалёва.

***

Нагадаем, 30 лістапада Вярхоўны суд прыгаварыў Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва да смяротнай кары, прызнаўшы, што яны «ўяўляюць выключную небяспеку для грамадства».

Канавалаў прызнаны вінаватым у злосным і асабліва злосным хуліганстве, наўмысным знішчэнні маёмасці, незаконным набыцці, захоўванні, перавозцы выбуховых рэчываў і выбуховых прыстасаванняў, тэрарызме, звязаным з забойствам людзей.

Кавалёў прызнаны вінаватым у злосным і асабліва злосным хуліганстве, наўмысным знішчэнні маёмасці, незаконным набыцці, захоўванні, перавозцы выбуховых рэчываў і выбуховых прыстасаванняў, неданясенні аб падрыхтоўцы асабліва цяжкага злачынства, а таксама ў дапамаганні тэрарызму.

1 снежня Любоў Кавалёва звярнулася да кіраўніка дзяржавы з прашэннем аб памілаванні свайго сына.

2 снежня Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў у Брэсцкай вобласці, заявіў, што рашэнне па пытанні магчымага памілавання Канавалава і Кавалёва прыме ў хуткім часе. «Я павінен падпісаць указ і пацвердзіць рашэнне суда або, калі звярнуліся па памілаванне, я павінен разгледзець гэтыя дакументы. Гэта самае цяжкае, што можа быць у працы прэзідэнта», — сказаў Лукашэнка.

З аднаго боку, зазначыў ён, тое, што адбылося, для Беларусі «анамальна» і «недапушчальна» — у выніку тэракта загінулі людзі. З іншага боку, дадаў Лукашэнка, ёсць бацькі асуджаных, частка грамадства, якая ўстала на абарону. «І вось пачынаеш усё гэта ўзважваць. Я прыму рашэнне ў хуткім часе і абавязкова вас праінфармую», — паабяцаў кіраўнік дзяржавы.