Femen едзе ў Беларусь: Мінск, 19 снежня

Актывісткі ўкраінскага руху Femen плануюць зладзіць акцыю ў гадавіну Плошчы.

13.12.2011 / 11:40

Дзяўчаты збіраюцца распрануцца на вуліцах беларускай сталіцы, каб нагадаць аб падзеях у ноч пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Пра гэта сваё жаданне феміністкі паведамілі Станіславу Шушкевічу пасля яго прэс-канферэнцыі ў Кіеве, што праходзіла 12 снежня.

Па словах палітыка, сустрэча з украінскімі актывісткамі яго моцна ўразіла і ён паспрабаваў іх адгаварыць ад задуманай акцыі.

«Я выходжу з гэтай прэс-канферэнцыі, а тут — 10 прыгожых, маладых дзяўчат! Тут любы чалавек ашалее.
Яны, па-мойму, хочуць прыехаць у Мінск і рабіць тут сваю акцыю. Яны хочуць прыехаць 19 снежня, але я ім сказаў, што я бачыў, як у нас такіх маладых і прыгожых збівалі і калечылі, і таму — мой абавязак іх папярэдзіць…».

Праўда, кажа, не вядома, ці дзяўчаты паслухаюцца яго. Бо яны слухаюцца толькі сваю кіраўнічку. Але калі дзяўчаты ўсё ж наважацца прыехаць у Мінск 19 снежня, то, паабяцаў Шушкевіч, ён таксама прыйдзе на іх акцыю, каб маральна падтрымаць феміністак.