Віцебскія будаўнікі перадумалі пратэставаць

«Забралі мы заявы. Начальства паабяцала палепшыць умовы працы, заробак павысіць у першым паўгоддзі».

17.01.2012 / 14:22

Пра гэта «Нашай Ніве» паведаміў будаўнік камбіната» Аляксандр Кошалеў. На мінулым тыдні ён і сем ягоных калегаў заявілі пра выхад з афіцыйнага прафсаюза. Яны збіраліся перайсці ў шэрагі Беларускага Незалежнага прафсаюза (БНП), заснаваўшы на прадпрыемстве новую незалежную прафсаюзную ячэйку.

«Забралі мы заявы. Начальства паабяцала палепшыць умовы працы, заробак павысіць у першым паўгоддзі. Мы вырашылі даць кіраўніцтву шанец», — расказаў Аляксандр Кошалеў. Па яго словах, заявы забралі ўсе, і ён у тым ліку. «Я раней хлопцам казаў, што не забяру заяву, калі не будзе адзінагалоснага рашэння. Тут вырашылі ўсе». З кожным з будаўнікоў гутарылі індывідуальна.

Аляксандр Кошалеў падкрэслівае, што ў выпадку невыканання патрабаванняў, будаўнікі гатовыя паўтарыць свой дэмарш.

Аляксандр Кошалеў мяркуе, што кіраўніцтва прадпрыемства ўсё ж не падмане і пойдзе на саступкі. Сёння, кажа ён, супрацоўнікам камбіната выдалі новае спецадзенне. Такога тут не было больш за год.

Глядзі таксама: Збаяліся: Калегі муляра Паўлоўскага забіраюць заявы на звальненне.

Сямён Печанко